З ініцыятывы крамлёўскіх паліттэхнолагаў у гарадах Расіі і некаторых прылеглых краін 9 Мая праходзіць акцыя «Бессмяротны полк».

Сутнасць у наступным — людзям прапануюць выйсці з партрэтамі продкаў, якія ваявалі ў Другую сусветную вайну.

Ідэя сама сабой вартая павагі, аднак карцінка гэтых шэсцяў — багатых на савецкія і расійскія сцягі, георгіеўскія стужкі — робяцца інструментам расійскай прапаганды. 

Кадры з «Бессмяротнага палка» у Мінску.

Кадры з «Бессмяротнага палка» у Мінску.

Сёлета арганізатары «Бессмяротнага палка» спрабавалі правесці шэсце ў Мінску, але гарадскія ўлады адмовілі ім у маршы па праспекце Незалежнасці — дазволілі толькі далучыцца да ўскладання кветак на Плошчы Перамогі. Дзяржаўныя каналы таксама праігнаравалі меркаванае шэсце, ніякай рэкламы не далі.

Мабілізацыяй людзей на акцыю ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» займаліся актывісты арганізацыі «Румол»

Як на гэта адрэагавалі прадстаўнікі прарасійскіх рухаў, якія займаліся арганізацыяй «Бессмяротнага палка» у Мінску? 

Актывіст расійскага «нацыянал-вызваленчага руху» (НОД) у Мінску Уладзімір Рыжанкоў зрабіў відэа з Плошчы Перамогі, куды ўсё ж выйшлі ўдзельнікі «Бессмяротнага палка». 

Скрыншот з відэа.

Скрыншот з відэа.

Рыжанкоў вельмі абураўся, што ім не далі прайсціся па праспекце, а таксама зрабіў гутаркі з арганізатарамі. Ён распытваў, як да ўсіх гэтых фактаў ставяцца арганізатары шэсця. 

Скрыншот з відэа

Скрыншот з відэа

«Летась мы праводзілі на Лініі Сталіна, бо нам не дазволілі тут, а сёлета у нас было поўная трывога: «адбудзецца ці не адбудзецца?», — адказаў чарнасоценцу Валерый Драко. — Таму што з гарвыканкама і Адміністрацыі прэзідэнта шлі такія адказы, што нам не забараняюць, але і не дазваляюць. І што мы мусім ісці ў рамках «Беларусь памятае». Я лічу, што наш народ, дзякуючы не нашай — беларускай — прэсе, а расійскаму тэлебачанню змог з кухняў, з дамоў, выйсці на плошчу. Мы не чакалі такога выхаду народу. Пра што гэта кажа? Каб у нас не было падзей, якія разгарнуліся ва Украіне».

Іншыя арганізатары апелявалі да таго, што «Бессмяротны полк» забараняць нельга, бо ён праводзіцца «па ўсім свеце» — праўда, тут «увесь свет» трэба разумець як толькі тыя гарады, дзе маюцца буйныя рускія дыяспары. 

У абмеркаванні ж у сацыяльных сетках некаторыя ўдзельнікі правялі паралелі паміж беларускімі ўладамі і «ўкраінскімі фашыстымі» праз замену георгіеўскіх стужак на яблыневыя. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?