Суддзя Верх-Ісецкага суда Екацярынбурга Кацярына Шапаняк прысудзіла блогера Руслана Сакалоўскага да трох з паловай гадоў умоўна. Яго прызналі вінаватым у абразе пачуццяў вернікаў, узбуджэнні нянавісці альбо варожасці і незаконным абароце прылад для схаванага запісу.

Сакалоўскаму прызначылі выпрабавальны тэрмін тры гады.

«Выказванні пра тое, што Сакалоўскага судзяць за гульню ў храме, з'яўляюцца няправільнымі», - гаворыцца ў прысудзе, зачытаным Шапаняк. Яна патлумачыла, што блогер у рамках некалькіх эпізодаў прызнаны вінаватым у абразе пачуццяў вернікаў і распальванні нянавісці.

Абвінавачванне прасіла прысудзіць Сакалоўскага да 3,5 года рэальнага пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Сакалоўскі сваю віну не прызнаў.

***

У верасні 2016 года Сакалоўскага затрымалі пасля таго, як ён апублікаваў на YouTube ролік, дзе ловіць пакемонаў у Храме-на-Крыві Екацярынбурга. Затым у справе з'явіліся іншыя эпізоды абразы пачуццяў вернікаў і ўзбуджэння нянавісці альбо варожасці на аснове іншых запісаў блогера.

Пры вобшуку ў Сакалоўскага знайшлі асадку з убудаванай відэакамерай, пасля чаго ў справе з'явіўся артыкул аб абарачэнні шпіёнскай тэхнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?