Грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звярнулася ў Следчы камітэт, Генеральную пракуратуру і КДБ з патрабаваннем арганізаваць прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў усяго спектру сродкаў масавай інфармацыі і падаць афіцыйную інфармацыю аб ходзе расследавання крымінальных спраў, якія атрымалі шырокі грамадскі рэзананс (так званыя «справа «Белага легіёну» і «справа патрыётаў»).

У звароце да кіраўнікоў сілавых структур І. Наскевіча, В. Вакульчыка і А. Канюка старшыня БАЖ Андрэй Бастунец піша:

«Гэтым рэзанансным справам былі прысвечаныя матэрыялы некаторых дзяржаўных СМІ (тэлеканалы «Беларусь 1», СТВ, ОНТ, газета «СБ Беларусь сегодня» і інш.), заснаваныя, як сцвярджалася ў іх, на інфармацыі следства. Пры гэтым, як правіла, не называліся ні аўтары гэтых матэрыялаў, ні службовыя асобы, якія падалі звесткі па крымінальных справах, а самі матэрыялы выглядалі часцяком суб'ектыўнымі і аднабаковымі.

Між тым, прадастаўленне звестак па рэзанансных крымінальных справах павінна быць накіравана на атрыманне грамадзянамі ад дзяржаўных органаў поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi, а не яе суб'ектыўнай інтэрпрэтацыі ананімнымі аўтарамі (п. 1 Палажэння аб парадку прадастаўлення звестак па крымінальных справах, звязаных з злачынствамі, якія атрымалі шырокі грамадскі рэзананс, і злачынствамі, якія падрываюць аўтарытэт дзяржаўнай улады, для асвятлення ў сродках масавай інфармацыі, зацверджанага пастановай Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь 01.10.2008 № 59/4/283/49/52).

Звесткі выдаюцца ў тым аб'ёме, у якім не закранаюць правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў крымінальнага працэсу, трэціх асоб, якія не парушаюць таямніцы следства, правоў і інтарэсаў іншых асоб, дзяржавы (п. 27 Палажэння). Недапушчальнае прадастаўленне на стадыі дасудовай вытворчасці ў СМІ матэрыялаў крымінальнай справы, якія маюць доказнае значэнне і якія падлягаюць ацэнцы ў судзе (п. 29 Палажэння).

На наш погляд, інфармацыя, якая распаўсюджваецца шэрагам дзяржаўных СМІ па ўказаных вышэй рэзанансных справах са спасылкамі на крыніцы ў органах следства не адпавядае гэтым патрабаванням Палажэння і парушае роўнасць сродкаў масавай інфармацыі, а таксама права грамадзян на атрыманне дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў.

Падобным жа чынам прадастаўляецца ў СМІ і інфармацыя па справе Ю. Паўлаўца, Д. Алімкіна і С. Шыпценкі, якія ўжо больш за чатыры месяцы ўтрымліваюцца пад вартай па абвінавачанні ў распальванні нацыянальнай варожасці ў матэрыялах, размешчаных на сайтах расійскага інфармацыйнага агенцтва «Рэгнум» і шэрагу іншых расійскіх СМІ.

Гэтая крымінальная справа таксама выклікае грамадскі рэзананс пры мінімальнай афіцыйнай інфармацыі аб ходзе яе расследавання».

У сувязі з выкладзеным БАЖ просіць:

1) У хуткім часе арганізаваць прэс-канферэнцыю (брыфінг, сустрэчу з журналістамі) з удзелам прадстаўнікоў усяго спектру сродкаў масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь, на якой прадставіць афіцыйную інфармацыю аб ходзе расследавання гэтых крымінальных спраў.

2) У будучыні пры расследаванні рэзанансных спраў забяспечваць роўны доступ да значнай інфармацыі сродкам масавай інфармацыі ўсіх форм уласнасці, забяспечваючы тым самым прынцып роўнасці СМІ і празрыстасць дзейнасці дзяржаўных органаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?