У Мінску 11 мая прайшло ўручэнне прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў, заснаванай у галіне non-fiction іх дачкой — мастачкай Тамара Стагановіч з ЗША.

Ірына Багдановіч і Валер Герасімаў з кнігай-пераможцай

Ірына Багдановіч і Валер Герасімаў з кнігай-пераможцай

Сёлета прэмія ўручалася другі раз.

Лаўрэатам першай прэміі стаў журналіст Радыё Свабода Зміцер Бартосік за кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы».

Другое месца атрымала кніга ўспамінаў Вітаўта Кіпеля «Жыць і дзеіць».

Трэцюю прэмію атрымаў Сяргей Чыгрын за кнігу «На радзіме Ігната Дварчаніна: з краязнаўчых вандровак па Дзятлаўшчыне».

***

Партнёрамі ў арганізацыі конкурсу і ўручэнні прэміі выступілі: Беларускі інстытут навукі і мастацтва, ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», выдавецтва «Лімарыус».

Трох пераможцаў конкурсу вызначае кампетэнтнае журы: літаратуразнаўца Ірына Багдановіч, гісторык Наталля Гардзіенка; загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Валер Герасімаў; паэт Віктар Жыбуль; - дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка; літаратар і выдавец Уладзімір Сіўчыкаў; дырэктар выдавецтва «Лімарыус» Марына Шыбко.

Сёлета на конкурс было прадстаўлена 26 твораў. У лонг-ліст увайшлі 15, у кароткі спіс — 7.

Наталля Гардзіенка зазначыла, што прэмія — вельмі добрая нагода, каб узгадаць саміх Стагановічаў, іх рамантычнае каханне, як яны апынуліся ў эміграцыі ў ЗША. Пасля іх засталіся ўспаміны, пра якія па-за сям'ёй ніхто не ведаў. Дачка Тамара наважылася апублікаваць іх і заснаваць прэмію імя сваіх бацькоў.

Кіраўнік грамадскага аб'яднання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская ўзгадала прэміі, якія заснаваныя ў замежжы, але ўручаюцца тут, у Беларусі. Прэмія Стагановічаў — сімвал таго, што ёсць пераемнасць і што ў дакументальнай літаратуры няма цэнзуры.

***

Год таму лаўрэатам першай прэміі Стагановічаў стаў Сяргей Дубавец за кнігу «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуда».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?