У час круглага стала, што прайшоў у газеце «Рэспубліка» на тэму абноўленага складу дзяржаўнай Камісіі па выяўленні і вяртанні культурных каштоўнасцей, чыноўнікі заявілі, што пошукі адной з самых значных беларускіх рэліквій — Крыжа Еўфрасінні Полацкай — ідуць пастаянна «з большай ці меншай актыўнасцю».

У мінулым складзе камісіі былі нават прадстаўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі, якія ў тым ліку мэтанакіравана займаліся пошукамі крыжа. Цяпер іх няма, але, як заявіў намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко, «ёсць энтузіясты гэтай справы».

«Мо і добра, што мы яго яшчэ не знайшлі, — казаў Яцко пра крыж. — Затое ёсць мара, імкненне, якія рухаюць нас наперад і дазваляюць знаходзіць у тым ліку і іншыя рарытэты. Але я лічу, што ёсць добрая копія крыжа, якая захоўваецца ў полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім жаночым манастыры».

Копія крыжа была зробленая майстрам Мікалаем Кузьмічом і асьвячоная Беларускай праваслаўнай царквой у 1997 годзе.

Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Дзмітры Яцэвіч дадаў да слоў Яцко, што «цуды здараюцца»: так, у 2003 годзе знайшлося рукапіснае Слуцкае Евангелле XVI стагоддзя, а яго доўгія гады лічылі страчаным. Таму ёсць і надзея, што некалі знойдзецца Крыж Еўфрасінні Полацкай, кажа Яцэвіч.

Мастацтвазнаўца і аўтар праекта «Спадчына Беларусі» Алег Лукашэвіч жа заявіў, што сляды знікнення крыжа «вядуць у Расію».

Ён распавёў, як у час працы над фільмам пра Еўфрасінню Полацкую даследчыкі езьдзілі ў Санкт-Пецярбург, дзе ў Інстытуце матэрыяльнай культуры расійскай Акадэміі навук разглядалі шкляныя пласціны з дэталёвымі выявамі крыжа — адзінае на сёння «фота» святыні. Але дата гэтага «фота» пад пытаннем:

«Я думаю, усё ж гэта 1910-ы, калі былі перанесеныя мошчы Еўфрасінні з Кіева-Пячэрскай лаўры ў Полацк, — разважае пра пласціны Лукашэвіч. — Тады была фотафіксацыя ўсёй гэтай працэсіі, у тым ліку манастырскага комплексу і келлі Еўфрасінні Полацкай са змешчаным там крыжам. На фотаздымках мы бачым пашкоджанні, на той момант ужо адсутнічалі ўсе дробныя камяні, таксама невядома, ці былі яны каштоўнымі або паўкаштоўнымі.

Паводле апісання Вацлава Ластоўскага, які вывучаў крыж у 1920-я гады, было згублена некалькі пласцін. Дзіўная рэч, але тады ніхто не зрабіў фотафіксацыі. Адсюль пытанне: у якім стане гэты крыж і чаму яго нам не паказваюць? Можа, ён сапраўды знаходзіцца ў Расіі ў Сергіевым Пасадзе? Магчыма, ён у дрэнным стане? Ці наадварот, у выдатным? А можа быць, ён і не там? Бо ёсць версія, што Ластоўскі вывучаў не арыгінал, а копію. Тут шмат пытанняў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?