На сайце для лекараў Беларусі спадарыня Алеся апублікавала допіс — крык аб дапамозе: «Маёй трохгадовай пляменніцы ўчора ў ЦРБ горада Ганцавічы Брэсцкай вобласці медсястра ўвяла ўнутрывенна біяфлор (прэпарат, які прызначаны для прыёму ўнутр). Дзіця ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Нам нічога не тлумачаць і не гавораць. Падкажыце, якія могуць быць наступствы і куды можна звярнуцца па якасную медыцынскую дапамогу?». Хутка пляменніцу перавезлі ў Мінск ў інфекцыйную бальніцу, а родныя пацярпелай звярнулася ў пракуратуру з просьбай разабрацца ў сямейнай драме.

Лекавы сродак біяфлор выкарыстоўваецца пры лячэнні дысбактэрыёзу рознай этыялогіі, вострых дыярэйных інфекцыях, хранічных захворваннях органаў стрававання і інш. Але толькі аральна, разам з напоямі ці перад і пасля ежы. Гэта інструкцыя напісаная на кожнай упакоўцы. Але тут медсястра дапусціла памылку…

Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі галоўнага доктара Ганцавіцкай цэнтральнай раённай цэнтральнай бальніцы Вадзіма Сашко: «Навошта вам займацца гэтай каламутай? Вы што, дапаможаце гэтай дзяўчынцы? Тлумачыць нешта па тэлефоне я не буду, прыязджайце асабіста».

Пра магчымыя наступствы гэтага выпадку нам расказаў доктар аддзялення анэстэзіялогіі РНПЦ «Маці і дзіця» Андрэй Вітушка:

«Прэпарат біяфлор — гэта прабіётык, утрымлівае ў сабе бактэрыю. Калі яна трапляе у арганізм па венах, там запускаецца інфекцыйны працэс. І як ужо ён на ўсё гэта адрэагуе — невядома. Усё вельмі індывідуальна. Спадзяюся, гэтай дзяўчынцы прызначаць добрае лячэнне, і яна паправіцца. А праверка будзе вінаваціць у тым, што здарылася, не асобна ўзятую медсястру, а разбярэцца ў прычынах. Такое адбываецца не толькі ў нашай краіне з-за перагружанасці персаналу і проста выпадкова. Кожны чалавек можа памыліцца».

Як піша Tut.by, афіцыйны прадстаўнік УУС Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Дучэнка паведаміў, што цяпер з нагоды здарэння ў Ганцавіцкім РАУС праводзяць праверку, прызначылі судмедэкспертызу. У прэс-службе Міністэрства аховы здароўя пацвердзілі, што цяпер ідзе службовае расследаванне па гэтым пытанні.

Мы пастараемся знайсці сям'ю пацярпелай і будзем трымаць вас у курсе развіцця сітуацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?