Пасьля працяглых авіяўдараў і абстрэлу «Градам» яны высадзілі дэсант з мэтай атачыць грузінскі ўмацаваны раён у Ажары. Але а 12.50 па маскоўскім часе зьявілася паведамленьне аб тым, што прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў спыніць ваенныя дзеяньні. А пад вечар Сарказі ўдалося пераканаць Расію адвесьці войскі на перадваенныя пазыцыі.

Са словаў Мядзьведзева, мэта «апэрацыі змушэньня Грузіі да міру» дасягнутая. «Бясьпека расійскіх грамадзянаў і міратворчых сілаў адноўленая, агрэсар пакараны і панёс значныя страты», — сказаў Мядзьведзеў. Ён даручыў Генштабу расейскіх войскаў «пры новай агрэсіі з грузінскага боку прымаць рашэньне па зьнішчэньні агрэсара».

Пасьля перамоваў Мядзьведзева з Сарказі, да якіх на абедзе далучыўся Пуцін, стала вядома, што Расея пагадзілася на шэсьць прынцыпаў, прапанаваных Сарказі, з сваімі ўдакладненьнямі. Прынцыпы пералічыў на прэс-канфэрэнцыі Мядзьведзеў:

«Першы — не прыбягаць да выкарыстаньня сілы. Другі — канчаткова спыніць усе ваенныя дзеяньні. Трэці — свабодны доступ да гуманітарнай дапамогі. Чацьвёрты — узброеныя сілы Грузіі вяртаюцца ў месцы сваёй сталай дысьлякацыі. Пяты — узброеныя сілы Расеі выводзяцца на лінію, што папярэднічала пачатку баявых дзеяньняў. Шосты — пачатак міжнароднага абмеркаваньня пытаньняў будучага статусу Паўднёвай Асеціі і Абхазіі і шляхоў забесьпячэньня іх трывалай бясьпекі».

Нягледзячы на вялікія страты — як пішуць карэспандэнты расейскага выданьня gazeta.ru з расейскага боку лініі фронту грузінскія населеныя пункты вакол зоны канфлікту зруйнаваныя дазваньня — грузінскія войскі аказалі Расеі ўпартае супраціўленьне. Паводле заяваў грузінскага боку, ім удалося зьбіць 19 расейскіх самалётаў. Расея прызнае страту толькі 4-х машынаў, у тым ліку стратэгічнага бамбавіка Ту-22. Гэта ў любым разе болей, чым страціла ЗША за актыўную фазу баявых дзеяньняў у Іраку. Gazeta.ru таксама паведамляе пра тое, што ў Цхінвалі можна назіраць многа падбітае расейскае тэхнікі.

Уранку мясцовае насельніцтва ў памежных з Абхазіяй і Асеціяй раёнах Грузіяй у паніцы пакідала свае дамы. Кадоры і Зугдзідзі апусьцелі.

Апэрацыя на заходнім фронце пачалася з трохдзённых авіяўдараў. Расія тым часам увяла ў Абхазію дадатковую дэсантную дывізію і блякавала марское ўзьбярэжжа Грузіі.

Штурм Кадоры — грузінскага бастыёну на дарозе з Абхазіі ў сэрца краіны — пачаўся на досьвітку ў аўторак,
а 4-й раніцы па мясцовым часе. Абхаскія войскі задзейнічалі розныя віды ўзбраеньняў, у тым ліку артылерыю і ўстаноўкі залпавага агню «Град», паведаміў у эфіры расейскага тэлеканалу «Вести-24» міністар замежных спраў Абхазіі Сяргей Шамба.

Пазьней у нізе цясьніны быў высаджаны дэсант у складзе 250 чалавек.

Грузінскі гарнізон налічвае 3000 вайскоўцаў. Расейска-абхаскія сілы пераўзыходзяць яго ў жывой сіле ў 5 разоў, а па ўзбраеньнях — на парадак. Атакуючыя разьлічваюць таксама на паніку ў шэрагах грузінскіх войскаў.

Расійская авіяцыя працягвала наносіць удары па горадзе Горы.
Гарыць унівэрсытэт Горы. У ліку ахвяраў у гэтым населеным пункце сёньня аказаўся таксама нідэрляндзкі журналіст.

Расейскія вайскоўцы рухаюцца на поўдзень Абхазіі.

Расейскія вайскоўцы рухаюцца на поўдзень Абхазіі.

У Цхінвалі прыбралі, пакінулі стаяць толькі падбиты грузінскі танк.

У Цхінвалі прыбралі, пакінулі стаяць толькі падбиты грузінскі танк.

Жыцьцё ў горадзе патрохі наладжваецца.

Жыцьцё ў горадзе патрохі наладжваецца.

У баях былі разбураныя многія жылыя дамы.

У баях былі разбураныя многія жылыя дамы.

Спустошаны і грузінскі горад Горы, які бамбіла расейская аівяцыя.

Спустошаны і грузінскі горад Горы, які бамбіла расейская аівяцыя.

У Тбілісі а 13:00 па мясцовым часе распачынаецца надзвычайнае паседжаньне парлямэнту, скліканае прэзыдэнтам.

Захад пакуль абмяжоўваецца словамі падтрымкі, але не аказвае ніякай рэальнай дапамогі Грузіі.

Сёньня

ў Тбілісі ў якасьці жэсту падтрымкі скіраваліся прэзыдэнты Польшчы, Літвы, Украіны, прэм'ер-міністры Латвіі і Эстоніі.
У сваёй заяве прэзыдэнт Эстоніі Тоомас Хэндрык Ільвес, прэзыдэнт Латвіі Валдзіс Затлерс, прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус і прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі асудзілі ўварваньне ў сувэрэнную і незалежную Грузію і паабяцалі выкарыстаць усе сродкі, якія яны маюць у сваім распараджэньні, каб спыніць расейскую ваенную агрэсію ў дачыненьні да маленькай эўрапейскай дзяржавы. Перад вылетам у Тбілісі прэзыдэнт Польшчы меў размову з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам. У той ж час польскі ўрад выступіў з засьцярогамі адносна паездкі прэзыдэнта.

Учора ўдзень і ўначы грузінскі ўрад перасоўваў войскі на лінію абароны ў непасрэднай блізкасьці ад Тбілісі, бо не выключаў штурму гораду. Тым часам заходнія ўрады працягвалі дыпляматычны ціск на Маскву, нягледзячы на адсутнасьць рычагоў узьдзеяньня. У Грузіі сытуацыю параўноўвалі з 1921 годам, калі бальшавікі акупавалі краіну і скінулі ўрад Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі.

Захоп Грузіі або зьмена ўраду ў Тбілісі на марыянэткавы прывяла б да поўнага кантролю Масквы над шляхамі паставак нафты і газу ў Эўропу з Цэнтральнае Азіі і выклікала б у сталіцах эўрапейскіх дзяржаваў пачуцьце поўнае бездапаможнасьці перад вайсковай і фінансавай магутнасьцю Масквы.

Апэрацыя Расеі ў Грузіі выкліча вялікія зьмены ў геапалітычных плянах ЗША і эўрапейскіх дзяржаваў.
Можна чакаць паскарэньне прыняцьця рашэньня Польшчай аб сыстэме проціракетнай абароны і росту выдаткаў на вайсковыя патрэбы ва ўсходнеэўрапейскіх дзяржавах.

Дагэтуль ніяк ня выказаўся пра канфлікт у Грузіі Аляксандар Лукашэнка, што выклікала раздражнёную рэакцыю шэрагу маскоўскіх аналітыкаў. Яны хочуць, каб іх саюзьнік падтрымаў дзеяньні Расеі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?