Міжнародныя авіялініі Украіны ўвялі лаўкост-тарыфы на ўсе ўласныя рэгулярныя ўнутраныя і міжнародныя рэйсы пры ўмове ранняга афармлення білетаў. Пра гэта паведамляе Tut.by са спасылкай на прэс-службу авіякампаніі.

flyuia.com

flyuia.com

Набыць квіткі на ўнутраныя рэйсы можна па цане ад 9 даляраў і на міжнародныя — ад 21 даляра ў адзін бок з улікам усіх збораў. Кошт залежыць ад працягласці пералёту і глыбіні браніравання — за шэсць, восем і дзесяць месяцаў да вылету. Напрыклад, квіткі на рэйсы працягласцю да 2 гадзін будуць каштаваць 21, 29 і 49 даляраў адпаведна. Рэйсы працягласцю да 3 гадзін — 31, 39 і 59 даляраў, больш за 3 гадзіны — 41, 49 і 69 даляраў.

Напрыклад, білет Кіеў — Мінск на 12 лістапада на сайце авіякампаніі каштуе па лаўкост-тарыфе 55,24 еўра (прыкладна 60 даляраў), а на 14 студзеня 2018 года — 36,24 еўра (прыкладна 39 даляраў). Пры гэтым у кошт квітка ўваходзіць толькі ручная паклажа да 7 кг. Вярнуць або памяняць квіток нельга. Працягласць палёту з Кіева да Мінска — 1 гадзіна 5 хвілін. А вось калі купляць квіткі ў гэтыя даты не па лаўкост-тарыфе, а па эканом (з багажом 23 кг), то на 12 лістапада і 14 студзеня кошт будзе 75,68 еўра (каля 82 даляраў).

Калі ляцець з Кіева ў Берлін 1 лютага 2018 года, то лаўкост-квіток будзе каштаваць 27,32 еўра (прыкладна 30 даляраў), у Амстэрдам — 36,32 еўра (прыкладна 39 даляраў), у Стакгольм — 27,10 еўра (прыкладна 29 даляраў).

Цэны сапраўдныя толькі пры куплі на сайце авіякампаніі. Пры набыцці білетаў праз кантактны цэнтр або ў офісах продажаў прыйдзецца заплаціць сэрвісны збор 18 даляраў ЗША.

У кошт квітка ўваходзіць толькі базавая паслуга перавозкі. Гэта значыць, што па цане квітка можна правозіць толькі ручную паклажу да 7 кг. Дадатковыя паслугі — правоз багажу, бартавое харчаванне пры жаданні прыйдзецца аплачваць асобна. Квіткі незваротныя.

Лаўкост-тарыф не распаўсюджваецца на далёкамагістральныя рэйсы, гэта значыць на адлегласці больш за 6000 км. Напрыклад, з Кіева ў Бангкок, Нью-Ёрк, Пекін, Каломба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0