Фота: sobitie.com.ua
Ва ўкраінскім горадзе Каменскае (былы Днепрадзяржынск) два чалавекі былі параненыя падчас страляніны. Ва ўжыванні зброі падазраюць сябра партыі «ДІЯ» і ахоўніка Дзмітрыя Яраша, інфармуе УНІАН.
Паводле папярэдніх звестак, пасажыры звярнуліся да таксіста з прывітаннем «Слава Украіне!», а той не захацеў ім адказваць. У адказ на гэта яны паспрабавалі атрымаць адказ сілай. Два пасажыры стукнулі кіроўцу ззаду, на дапамогу ім прыйшоў трэці. Падчас сваркі адзін з пасажыраў прастрэліў таксоўцу абедзве нагі. На месца здарэння прыехалі іншыя таксісты — адзін з іх таксама быў паранены.
Цяпер абодва параненыя знаходзяцца ў лякарні, на месцы здарэння працуе паліцыя. Двух удзельнікаў канфлікту затрымалі на месцы, аднаму ўдалося ўцячы.
Лідар Каменскай гарадской арганізацыі «Правы Сектар» Аскольд Мажэйка паведаміў у Фэйсбуку, што адзін з затрыманых — Раман Малісевіч уваходзіць у партыю «Державницька ініциатива Яроша» (ДІЯ) і з'яўляецца целаахоўнікам Дзмітрыя Яраша.
Як распавяла старшы інспектар сектара маніторынгу Каменскага аддзела паліцыі Алена Цімчанка, таксіст заявіў, што збіваў яго толькі адзін з пасажыраў. Яго затрымалі, удзел двух іншых пасажыраў у інцыдэнце высвятляецца следчымі.