У парозе нашай з табою кватэры збіўся ў кучу абутак. Рознага колеру, памеру, сезону - нібыта аўтамабілі паўсталі ў корку. Ужо зімоваму было б варта набіцца газетай і схавацца ў шафу, толькі надвор’е блытае ўсё, як той недарэка даішнік. Што там у нас? Холадна? Цёпла? Абуваю чаравікі, выходжу — зіма.

I'm taking a ride
With my best friend
I hope he never lets me down again
He knows where he's taking me
Taking me where I want to be
I'm taking a ride
With my best friend

Ногі мерзнуць, але скінуць цяжкое зімовае — пачуццё непаўторнае. Толькі сёлета ўсё неяк не так, напэўна, гэта нам кара за растаптаны Дзень Волі: здаецца, менавіта тады пачаўся той холад. Не ведаю. Ты лепш растлумач мне, чаму абутак у пары мусіць быць сіметрычна падобным? Вось мы з табой не падобныя, аднак мы разам, ды і сам чалавек — ён жа несіметрычны. Непрыгожа? А спрабавалі? Бландын у чорным чаравіку? Той, што у фінале кіно збег з прыгажуняй? Ведаеш, я такасама хацеў бы прайсціся ў розных. Адзін — чырвоны, а другі каб быў бы белым — і я нікуды не збег бы. Напэўна, калі б нашыя дзеці былі блізнятамі, я не апранаў бы іх у аднолькавае. Хай былі б рознымі ў вопратцы, зрэшты, як і ў думках, характарах, дзеях. Аднолькавага не хачу — гэта як даношваць нешта чужое. Кожнаму патрэбны свой абутак, як і жыццё — непаўторнае, незатасканае, рыпучае, свежае. Памятаеш, як Малы з кнігі пра Карласана не хацеў, каб разам са старымі штанамі і канькамі яму дасталася і братава жонка. Навошта жыць жыццём брата, бацькі ці дзеда? Куды цікавей прайсці свой шлях, сцерці ногі ў мазалях, самому збіць ушчэнт свой абутак.

We're flying high
We're watching the world pass us by
Never want to come down
Never want to put my feet back down
On the ground

Ты кажаш: «А як жа традыці, перадача сакральнага?» Ну, вядома ж, не адракацца, толькі і ў традыцыю магчыма прыносіць нешта сваё. Паглядзі на таго ж хлопца з Палесся, я раней думаў, ён кансервуе былое, ды не, ён робіць сваё.

А традыцыі можна ствараць жа і новыя. У’яві сабе. Кожнай спадарыні — асобны пакой для абутку і каб мадэлі ўсе там былі выключна па модзе. Чым не традыцыя? З гэтым можна ісці нават на выбары, яно мацней будзе чым «запусціць заводы», параўнальнае хіба што з абяцаннем вярнуць маладосць. Табе падабаецца, толькі ты хочаш, каб я б вярнуўся і дапамог прыбрацца ў кватэры? Ты ж ведаеш, у мяне справы. Хутка буду.

I'm taking a ride
With my best friend
I hope he never lets me down again
Promises me I'm as safe as houses
As long as I remember who's wearing the trousers
I hope he never lets me down again

Буду дакладна. Ты вось мне лепш адкажы, чаму ў крамах левую палову абутку хаваюць на складзе? Каб не скралі? А можа, проста прадавачкі баяцца, што, калі левая і правая сыдуцца разам, яшчэ наробяць справаў, як тыя Боні і Клайд? Ты ў тое не верыш, смяешся, але ж гэта метафара, каб проста сказаць табе, што ты — мая пара. Проста будзь, хочаш злева, а хочаш і справа, я тым часам хутка вярнуся. Не дуры галавы, кажаш?

Never let me down

Ледзь не забыўся, тэлефанавалі з Ліды. Кажуць, вы замаўлялі кеды, толькі чырвоных няма, але можам індывідуальна пашыць. Я пагадзіўся — новы абутак, новыя далячыні, а якія там зоры! Ты не бачыла? І я пакуль не.

See the stars they're shining bright
Everything's alright tonight

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?