Жанчына з вёскі Малунаўка Хоцімскага раёна тры дні правяла ў лесе. На трэція суткі 87-гадовую жанчыну знайшлі міліцыянты, паведамілі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Анастасія Піўчанка пайшла з дому пасля 12-ці 8 мая. Куды і навошта адправілася, жанчына не памятае. Аб прапажы маці заявіла яе дачка — жанчына знікала з хаты не ўпершыню.

Да вышуку падключыліся міліцыя, выратавальнікі. Мясцовыя жыхары жанчыну не бачылі, службова-вышуковы сабака ўзяць след не змог — халоднае надвор'е працавала супраць праваахоўнікаў. Два дні пошукаў плёну не далі.

На трэція суткі зноў пачалі прачэсваць мясцовасць. Пенсіянерку пабачылі пад кустамі.

— Я падбег да яе і спытаў: «Вы жывая?» А яна мне ў адказ: «Ой, хлопчыкі, а колькі зараз часу?», — расказаў першы намеснік начальніка Хоцімскага РАУС Дзмітрый Сёмачкін. — Ледзь паспелі.

Сілавікі адзначылі, што вышук быў абцяжараны з-за халоднага надвор'я, складанага ландшафту мясцовасці з густой расліннасцю. Пры гэтым пенсіянерка стойка перанесла тры дні на холадзе без ежы і вады.

Жанчыну даставілі ў Хоцімскую райбальніцу на машыне хуткай медыцынскай дапамогі, дзе пасля поўнага абследавання адпусцілі дадому.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?