Супрацоўнік банка спачатку дапамог пенсіянерцы зрабіць плацёж праз інтэрнэт-банкінг, а затым cкраў з яе рахунку больш за 300 рублёў. На скрадзеныя грошы ён рабіў стаўкі ў букмекерскай канторы. Пра гэта паведамляе прэс-служба Мінаблвыканкама

 З заявай аб крадзяжы грошай з банкаўскай карты ў міліцыю звярнулася 60-гадовая жыхарка аграгарадка Лясной пад Мінскам. Па словах жанчыны, у яе з карткі прапала больш за 300 рублёў, пры гэтым картку сваю яна не губляла і нікому карыстацца не давала. У банку жанчыне толькі далі нумар рахунку, на які былі пераведзеныя яе грошы. «Таямнічае» знікненне грошай для пенсіянеркі было растлумачана, калі праваахоўнікі высветлілі асобу ўладальніка гэтага рахунку. Ім аказаўся 22-гадовы мінчанін, работнік банка, які нядаўна дапамагаў ёй зрабіць плацёж праз сістэму «інтэрнэт-банкінг».

За некалькі дзён да «знікнення» грошай, жанчына стаяла ў чарзе ў адным з аддзяленняў банка, каб зрабіць плацёж. Малады чалавек, які працуе ў гэтым аддзяленні кансультантам, падышоў да яе і пацікавіўся, ці падключана ў яе паслуга «інтэрнэт-банкінг», пачуўшы сцвярджальны адказ, прапанаваў скарыстацца ёю, каб не стаяць у чарзе.

На ўсе адгаворкі пенсіянеркі, што яна не ўмее ім карыстацца, кансультант адказваў, што гэта зусім не складана, і ён гатовы дапамагчы ёй зрабіць плацёж. Хлопец адвёў жанчыну да ўстаноўленага ў памяшканні банка камп'ютара для кліентаў, паказаў, куды трэба ўводзіць лагін і пароль, а затым папрасіў яе ўвесці запытаны сістэмай адзін з сесійных ключоў са спецыяльнай карты кодаў. Завяршыўшы аперацыю, кліентка падзякавала кансультанту за дапамогу і сышла, а той на ўсялякі выпадак запомніў яе лагін, пароль і нумар сесійнага ключа.

«Праз некаторы час малады чалавек ужо з дома ўваходзіў у сістэму «інтэрнэт-банкінг» пад дадзенымі пенсіянеркі і пераводзіў грошы з яе рахунку на свой, а затым рабіў стаўкі ў адной з букмекерскіх кантор. Супрацоўнікаў міліцыі малады чалавек спачатку спрабаваў пераканаць, што ні мае ніякага дачынення да знікнення грошай з карткі пенсіянеркі, а затым стаў сцвярджаць, што збіраўся вярнуць ёй грошы адразу ж пасля таго, як выйграюць яго стаўкі», — распавялі ва УУС Мінаблвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?