Дзяўчыначка, што сьпявала на адкрыцьці Алімпійскіх гульняў, насамрэч толькі варушыла вуснамі. Сапраўдную 9-гадовую сьпявачку палічылі недастаткова прывабнай. Рашэньне аб падмене прыняў партыйны чыноўнік, адказны за сцэнар цырымоніі, пасьля генэральнага прагону.

Фоты мілае 9-гадовае Лін Мяоке ў чырвонай сукеначцы абляцелі цэлы сьвет. Лін прасьпявала на цырымоніі «Оду Айчыне», калі заносілі кітайскі сьцяг. Гэта была кульмінацыя шыкоўнае цырымоніі.

Аднак той выступ быў фальсыфікацыяй, прызнаўся прад'юсэр спэктаклю. Лін толькі варушыла вуснамі, а сьпявала 7-гадовая Ян Пэй — з анёльскім галаском, але, як на густ камуністычнага кіраўніцтва, занадта пульхная і крывазубая.

Рашэньне аб падмене прыняў член палітбюро Кампартыі Кітаю, адказны за сцэнар цырымоніі, пасьля генэральнага прагону.

Такая дыктатура карцінкі выклікалі сёньня буру дыскусій на форумах. Людзей зачапіла і тое, што фаервэркі на тэлетрансьляцыі аказаліся... кампутарнымі эфэктамі. «Гэта праўда, што з прычыны кепскай бачнасьці ў начы частка паказу фаервэрку была кампутарна згенэравана. Жывыя здымкі іх былі б немагчымыя. Мы не маглі пайсьці на рызыку і паслаць верталёт над трасай салютаў», — прызнаў у інтэрвію газэце «Бэйджын таймс» адзін э экспэртаў Алімпійскага камітэту.

Калі маніпуляцыя зь дзяўчаткамі — гэта бадай перажытак старых уяўленьняў аб прыгожым, то падмена жывой рэчаіснасьці кампутарнай — навейшы фальш. Але ж... прыкра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?