Прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч вечарам 17 мая прыбыў у Беларусь з рабочым візітам. Ён скарыстаўся звычайным рэйсам авіякампаніі Lufthansa маршруту Франкфурт — Мінск.

Па дадзеных kp.by, вылет самалёта затрымалі на гадзіну з хвосцікам. У палёце пілоты паспрабавалі «нагнаць» затрымку, але ў Мінск Embraer ERJ-190 усё роўна прыляцеў са спазненнем у 50 хвілін - на пачатку 10-й гадзіны вечара. Наўрад ці гэта адбылося па прычыне чакання важнага госця - рэч у тым, што на паўтары гадзіны затрымаўся папярэдні рэйс гэтага самалёта ў Фларэнцыю - таму далейшы графік борта таксама збіўся.

Ля трапа прэзідэнта Сербіі чакаў браніраваны «Мэрсэдэс», у суправаджэнні джыпаў аховы са службы бяспекі прэзідэнта Беларусі. Адвезлі высокага госця зусім недалёка - да будынка аэрапорта. Ужо там прыгажуні ў беларускіх народных строях пачаставалі Таміслава Нікаліча караваем. Перш чым адкусіць кавалачак, прэзідэнт Сербіі перахрысціўся, дадае kp.by.

Плануецца, што 18 мая ў Палацы Незалежнасці адбудзецца сустрэча Таміслава Нікаліча з Аляксандрам Лукашэнкам.

Аляксандр Лукашэнка узнагародзіць Нікаліча ордэнам Дружбы народаў за значны ўклад ва ўмацаванне міру, дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сербіяй, піша БелТА.

Прэзідэнцкія паўнамоцтвы 65-гадовага Нікаліча заканчваюцца ўжо 31 мая. Новым прэзідэнтам Сербіі быў абраны яго аднапартыец Аляксандр Вучыч, які ў лютым гэтага года пабываў у Беларусі на пасадзе прэм'ера.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0