Разбомбленыя фрэскі Мантэньі ў Падуі, Вэнэра Мілоская, пабітая носьбітамі, зьнішчаная «Ваза з сланечнікамі» Ван Гога, прадзіраўлены «Сон» Пікаса... Сьпіс самых прыкрых інцыдэнтаў з шэдэўрамі.

Эскіз да «Акружаных аток», Крыста і Жана-Клёд

Баўгарскі мастак Крыста (часам яго называюць Хрыста, што адпавядае ягонаму імю ў пашпарце) і ягоная суаўтарка жонка Жана‑Клёд праславіліся інсталяцыяй: яны акружылі поліпрапіленам 11 аток ля ўзьбярэжжа Маямі. Адзін з падрыхтоўчых эскізаў гэтай працы пацярпеў падчас транспартаваньня: аўтапагрузчык праехаў проста цераз твор. Цяпер малюнак захоўваецца ў офісе лёнданскай кампаніі Axa Art, бо Крыста не прадае пашкоджаныя працы.



Christo and Jeanne-Claude. Surrounded Islands, Miami, Florida 1980-83. Photo: Wolfgang Volz. ©1983 Christo

«Сон», Пікаса

У 2006 годзе магнат Стыў Уін, уладальнік казіно ў Лас‑Вэгасе, толькі што дамовіўся пра продаж «Сну» — карціны Пікаса, якая яму належала, — за 74 мільёны фунтаў. І тут жа, спатыкнуўшыся, трапіў у палатно локцем і прарваў у ім дзірку. Карціна вісела ў кабінэце Ўіна побач з працамі Матыса й Рэнуара. Ён паказваў яе гасьцям і няўдала адступіў. У выніку ў халсьце ўтварылася двухцалёвая дзірка й пакупнік адмовіўся ад угоды.


Le Rêve. Pablo Picasso. 1932

«Барэльеф бяз назвы», Крэйг Каўфман

У 2006 годзе амэрыканскія галерысты й калекцыянэры адпраўлялі ў парыскі Цэнтар Пампіду выставу «Лос Анджэлес 1955—1985: народзіны мастацкай сталіцы» ды разьлічвалі, што з шматлікімі працамі вялікай гістарычнай каштоўнасьці будуць абыходзіцца беражліва. Але дзьве працы пацярпелі: напярэдадні вэрнісажу зь сьценкі звалілася 8‑футавая бэлька з паліэстэравай смалы — праца Пітэра Александэра. Такі ж лёс напаткаў «Барэльеф бяз назвы» Крэйга Каўфмана, які да таго ацалеў у трох землятрусах у Лос‑Анджэлесе.


Craig Kauffman, «Untitled Wall Relief», 1967

Ваза імпэрыі Цын

Няўклюдны наведнік кембрыджскага Музэю Фітцульма наступіў на свой матузок ды зваліўся зь лесьвіцы, мімаходам зьбіўшы некалькі кітайскіх ваз векам па 300 гадоў. Фарфор дынастыі Цын, якая валадарыла ў XVII стагодзьдзі, быў адным з найкаштоўнейшых экспанатаў музэю. Працаёмкае прыбіраньне заняло два з паловай дні, бо трэба было падабраць і захаваць усе аскепкі да найменшай драбінкі. Рэстаўрацыя ваз (адна зь іх, дарэчы, важыла 45 кг) цягнулася паўгода. Наведніка арыштавалі, але пасьля вызвалілі без выстаўленьня абвінавачаньняў. Вазы цяпер вярнуліся ў экспазыцыю.


Фота — Fitzwilliam Museum

«Узнаўленьне першай публічнай дэ­ман­стра­цыі сама­раз­бу­раль­нага мастацтва», Густаў Мэтцэр

Плястыкавы пакет зь нейкім папяровым сьмецьцем, у 2004 годзе выкінуты на памыйніцу ў галерэі «Тэйт мадэрн», аказаўся часткай копіі твору 1960 году, якая ўвасабляла «канечнасьць існаваньня» мастацтва. Па іроніі лёсу Мэтцгер быў заснавальнікам мастацкага «Самаразбуральнага» руху.


Recreation of First Public Demonstration of Auto-Destructive Art 1960, remade 2004 © Gustav Metzger

«Дом», Рэйчэл Уайтрэд

Восеньню 1993 году Ўайтрэд зрабіла з бэтону скульптуру ў выглядзе віктарыянскай хаты ды ўсталявала яе ва Ўсходнім Лёндане на вуліцы, ужо зьнесенай паводле загаду муніцыпальнай рады Таўэр‑Хамлетса. Гэты твор быў уганараваны прэміяй Тэрнэта. «The Independent» назвала яго «адной з самых цудоўных і арыгінальных па задуме скульптур, створаных у Англіі», але праз год муніцыпальная рада ўсё адно яе зьнішчыла.


Rachel Whiteread. «House», 1993

«Расфарбуй па нумарах», Дам’ен Херст

Для вэрнісажу сваёй выставы «Расфарбуй па нумарах» у 2001 годзе Херст стварыў інсталяцыю з пустых піўных пляшак, перапоўненых недапалкамі з попельніц, ды бляшанак з фарбай. Тым самым ён хацеў узнавіць багемны інтэр’ер майстэрні мастака. Пасьля вэрнісажу прыйшлі прыбіральшчыцы і ўсё выкінулі. Твор ледзьве ўдалося ўратаваць зь сьмецьцевага кантэйнэра. Херст знайшоў здарэньне «дужа забаўным».

Фрэскі ў Падуі, Андрэа Мантэнья

У 1944 годзе саюзная кааліцыя бамбіла Італію з мэтай зьнішчэньня прамысловых цэнтраў. Вяртаючыся на базу, нейкі пілёт скінуў бомбы на Падую. Яны трапілі ў царкву Дэльі Эрэмітані й зьнішчылі фрэскі XV стагодзьдзя.

Вэнэра Мілоская

Фігура Вэнэры (ці, магчыма, яе грэцкага аналягу — Афрадыты) займае ганаровае месца ў парыскім Люўры. Нягледзячы на тое, што скульптура пашкоджаная, яе прыгажосць зачароўвае. Нейкі грэцкі селянін знайшоў яе ў 1820 годзе на востраве Мілос. На момант знаходжаньня фігура была разламаная на два вялікія фрагмэнты. У левай руцэ багіня трымала яблык. Усьвядоміўшы гістарычную значнасьць гэтай старажытнай скульптуры, афіцэры францускага вайсковага флёту загадалі вывезьці мармуровую скульптуру з вострава. Калі Вэнэру цягнулі па скалах да карабля, між насільшчыкамі ўсчалася бойка, і абедзьве рукі скульптуры адкалоліся. Стомленыя матросы наадрэз адмовіліся вяртацца й шукаць астатнія часткі, таму левая рука багіні адбітая ля самага пляча, а правая — на ўзроўні грудзі.


Вэнэра Мілоская

«Крымінальнае чытво», Бэнксі

Летась у красавіку, празь некалькі месяцаў пасьля таго як на аўкцыёне Sothbey’s адна з працаў Бэнксі была прададзеная за 102 тысячы фунтаў (для мастака гэта рэкорд), Лёнданскае транспартнае ўпраўленьне зафарбавала ягоную фрэску «Крымінальнае чытво» на Іст‑Эндзе ў Лёндане. Выяву Джона Траволты й Сэмюэла Джэксана з бананамі ў руках палічылі звычайным графіці. Адзін з крытыкаў заўважыў, што гэтая гісторыя толькі павысіць каціроўкі Бэнксі, і сапраўды, неўзабаве ягоная праца «Касьмічная дзяўчына й птушка» была прададзеная за 288 фунтаў — удзесяцёра даражэй за стартавы кошт. Брэд Піт і Анджэліна Джолі выдаткавалі на творы гэтага «мастака‑партызана» 1 мільён фунтаў.


Banksy. Pulp Fiction

«Ваза зь пяцьцю сланечнікамі», Ван Гог

Гэтае палатно, напісанае Ван Гогам у 1888 годзе, уваходзіла ў цыкль «Сланечнікі». У 1920 годзе «Ваза зь пяцьцю сланечнікамі» была прывезена ў Японію, дзе яе купіў Каята Ямамота. Карціна захоўвалася ў банкаўскім сэйфе, дзе і згарэла ў 1945 годзе ў часе налёту амэрыканскай авіяцыі.


Vincent van Gogh. Vase with Five Sunflowers

«Тайная вячэра», Леанарда да Вінчы

Свой шэдэўр «Тайная вячэра» Леанарда напісаў у Міляне ў XV стагодзьдзі па сырой тынкоўцы, разводзячы фарбы сумесьсю яечных жаўткоў і воцату. Усяго празь некалькі гадоў фрэска пачала асыпацца, а праз паўстагодзьдзя была аб’яўлена «непапраўна сапсаванай». У XVIII стагодзьдзі фрэску завесілі тканінай. Драпіроўка назапашвала на сабе вільгаць і, калі яе зьнялі, падрапала й без таго ўжо крохкі фарбавы слой. Апошняя па часе спроба адрэстаўраваць «Тайную вячэру» заняла 21 год.


Leonardo da Vinci. L'Ultima cena

Паводле The Independent via inopressa.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0