20.05.2017 / 13:52

Як мінчук зрабіў сабе «разумную» кватэру 52

Мінскі праграміст Павел Федаровіч набыў кватэру ў новым шматкватэрным доме на ўскрайку горада восем месяцаў таму. За гэты час ён паспеў ператварыць каробку з голымі сценамі ў шматфункцыянальнае ўтульнае гняздо для камфортнага жыцця.

Павел даўно цікавіўся тэхналогіямі «разумных дамоў», таму калі паўстала пытанне абжывання новай жылплошчы, для яго было цалкам натуральна адразу праектаваць усё з розумам.

«Гэта камфорт, бяспека. Таксама эканамічнасць, але з нашымі коштамі на камунальныя паслугі гэта будзе адчувальна вельмі няхутка, — распавядае Павел. —

Можна не хвалявацца, што забыўся закрыць кран з вадой, не перажываць, што могуць узнікнуць нейкія праблемы з пральнай машынай. Сістэма адразу заўважыць праблему і сама перакрые ваду. Можна не думаць, ці выключыў я святло ў кватэры, бо гэта лёгка правяраецца дыстанцыйна.

Ды і ўвогуле — можна зрабіць на выхадзе з кватэры ўсяго адну кнопку. Калі націснеш на яе, усё разам будзе выключацца».

Павел кіруе святлом праз камп'ютар.

Яшчэ адна карысныя опцыя разумнага дома — кіраванне ацяпленнем. Вось пайшлі вы на працу, а ваш дом перайшоў у рэжым чакання і сам знізіў тэмпературу батарэі да мінімуму. А калі ўбачыў, што гаспадар вяртаецца, сам дадаў цяпла. Вы ўсяго толькі прывязваеце да сістэмы кіравання домам свой мабільны тэлефон, каб можна было вызначыць ваша месцазнаходжанне. Ці, напрыклад, можна распрацаваць для сістэмы графік, якім яна будзе кіравацца.

«Цяпер мне вельмі нязручна шукаць у цемры ўключальнік, калі прыходжу дамоў увечары. Хоць гэта ўсяго пару метраў, але калі нясеш нешта ў руках, некамфортна», — дадае Павел.

У кватэры праграміста цяпер працуе толькі частка ўсіх гэтых функцый. Пакуль што, разваліўшыся на канапе, можна запаліць ці выключыць святло, апусціць ці падняць шторы. Усталяваныя ў Паўла і прылады, якія ў выпадку праблем з трубамі аўтаматычна перакрыюць ваду.

Гэты датчык аўтаматычна перакрые ваду, калі заўважыць працечку.

Вось гэтая невялічкая прылада на фота ніжэй працуе як датчык руху і сочыць за колькасцю святла, можа вымяраць тэмпературу і вільготнасць у пакоі.

«Гэты сэнсар будзе стаяць у спальні, днём у яснае надвор’е там вельмі ярка свеціць сонца. Дзякуючы сэнсару можна будзе аўтаматычна закрываць фіранкі, каб не псаваліся мэбля і шпалеры», — тлумачыць Павел.

Калі праграміст планаваў, як будзе выглядаць сістэма кіравання домам, абіраў паміж двума варыянтамі: правадным і бесправодным. Правадны ёсць сэнс рабіць, калі ад пачатку вядома, дзе што будзе знаходзіцца. Бесправадны нашмат больш зручны, бо няма правадоў, якія трэба некуды хаваць. Адпаведна, і больш гнуткі. Павел абраў другую, Z-Wave.

У сістэме кіравання домам сэнсары злучаныя паміж сабой і могуць абменьвацца сігналамі. Усе яны збіраюць інфармацыю і цэнтралізавана адпраўляюць яе на кантролер, які з’яўляецца ключавым элементам. Ён кіруе выключальнікамі, модулямі, якія апускаюць і падымаюць шторы, кранамі вады і гэтак далей.

Кантролер можа выглядаць як мадэм альбо як звычайная флэшка, якая працуе ў звязцы з камп’ютарам. А ўжо праграмы для кіравання разумным домам могуць быць розныя.

Так выглядае інтэрфейс карыстальніка праграмы для кіравання разумным домам Openhab 2.

Кошт кожнага элемента ў гэтай сэнсарнай павуціне пачынаецца ад 50-60 еўра. Сэнсарныя выключальнікі, напрыклад, каштуюць каля 100 еўра. У трохпакаёўцы Паўла такіх прылад у выніку будзе да 30.

«Мне заўсёды было цікава, як працуюць розныя рэчы»

Цяпер Павел працуе вядучым праграмістам у мінскай IT-кампаніі, распрацоўвае праграмнае забеспячэнне. Па адукацыі ён фізік, вывучаў у БДУ ядзерную фізіку і электроніку. Праўда, зразумеўшы, што навука ў нашай краіне сёння не ў пашане, вырашыў паспрабаваць сябе ў праграмаванні, якое захапляла яго не менш.

Увогуле, яму з дзяцінства было цікава вывучаць розныя прылады і тое, як яны працуюць. Паўлу ўвесь час хацелася штосьці ствараць, канструяваць. Дарэчы, тое-сёе ён працягвае рабіць сам і цяпер. Напрыклад, стварыў самаробную паяльную станцыю і ўпэўнівае, што гэта зусім не складана.

«Калі ў мяне яшчэ не было гэтай кватэры, я хацеў стварыць разумны будзільнік, які б перад пад’ёмам запальваў святло, бо так нашмат прасцей прачынацца. Але калі пачаў будаваць разумны дом, гэта згубіла актуальнасць, бо я цяпер магу ў любым пакоі ў любы момант запаліць святло праграмна», — кажа малады чалавек.

На новую кватэру свае эксперыментальныя прыборы Павел пакуль што не перавёз, перабіраецца паступова.

Дарэчы, дызайнераў ён не наймаў, усё рабіў на свой густ. Найперш хацеў, каб у кватэры было светла, бо ўсе пакоі, акрамя спальні, выходзяць на паўночны бок, і сонца тут вельмі рэдкі госць.

«Мне павінна быць тут камфортна. Я павінен адчуваць сябе ў бяспецы, адчуваць сябе шчаслівым, — расказвае Павел, што для яго значыць дом. — Што павінна быць з рэчаў? Нават не ведаю. Для мяне самае галоўнае — інтэрнэт і камп’ютар. Будзе гэта, тады можна і праграмаваннем займацца, і хобі рознымі, і навіны чытаць, і фільмы глядзець».

Тое, што з разумным домам можна зусім абленавацца, Паўла не пужае.

«Ну, посуд у пасудамыйку ён не загружае. Праўда, робат-пыласос сюды плануецца, хоць я яго пакуль што і не набыў. Затое робат для мыйкі вокнаў ужо маю, — кажа Павел.

— Не думаю, што разлянуюся. Тут будзе крыху больш камфорту, але многія рэчы сам дом не зробіць. Прыборку генеральную, напрыклад, бо трэба той жа пыл выцерці, і ежу ён не прыгатуе. Таму няма калі ленавацца».

Настасся Роўда, фота і відэа аўтара

3
Аксана Акакіеўна / Адказаць
19.05.2017 / 10:20
Штучную разумную жанчыну яшчэ туды - і будзе поўны "фарш" :)
8
алеся / Адказаць
19.05.2017 / 10:23
завидный жених, все обязанности по дому снимет с жены!
9
Satan / Адказаць
19.05.2017 / 10:25
Ай, фигня. Чтобы этот умный дом за пивком поутру гонял - вот это дело, да. А выключатель я и сам могу щелкнуть. >Тое, што з разумным домам можна зусім абленавацца Дело не в этом. Дело в том, что в государствах третьего мира нужно постоянно быть на стреме. А, когда отвыкнешь поглядывать вверх, тут на тебя и выльют помойное ведро с третьего этажа!
Паказаць усе каментары/ 52 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру