Нямецка-французскі канал Arte ў серыі «Metropolis» зрабіў рэпартаж пра сучаснае мастацтва ў Мінску. Аўтары знаёмяць гледачоў з Міхаілам Гуліным і ягонымі перформансамі (за адзін з іх ён быў арыштаваны ў 2012-м), Вольгай Гапеевай і ейнай паэзіяй, Максімам Сарычавым і ягонымі фотапраектамі, галерэяй «Ў», Кастрычніцкай.

Гэтыя прыклады сучаснага мастацтва злучаныя ў апавяданне пра «найхаладнейшую сталіцу Еўропы ў дарозе на Захад». Закадравы голас, часам падмацаваны выказваннямі мясцовых арт-актывістаў, увесь час вагаецца: Мінск — гэта месца, дзе ўсё яшчэ жыве савецкая мінуўшчына, «архітэктурна, стылістычна, ментальна?». «Савецкая мінуласць глыбока ўкаранілася ў душу Беларусі і фарміруе яе ідэнтычнасць», — сцвярджаецца ў рэпартажы. Пра гэта гледачу паведамляе характэрна савецкая музыка, якая гучыць у пачатку сюжэту. Ці, магчыма, рэчаіснасць беларускай сталіцы функцыянуе складаней, дынамічна злучаючы рэшткі мінулай эпохі і сучаснага глабалізаванага свету?

Асноўная задума аўтараў — у пытанні: «Беларуская сталіца адкрываецца свету?» Магчымы скепсіс зразумелы. Найперш, калі ўзяць пад увагу палітычны кантэкст, які цесна пераплецены з мастацтвам і мінуўшчынай.

Палітычным абставінам надаецца шмат увагі: нядаўнія пратэсты («упершыню за доўгі час дэманстравалі тысячы») і пэўнае спрашчэнне правілаў для ўезду ў краіну. Арышты дэманстрантаў і мастакоў, цэнзурныя абмежаванні (якія стала змяняюцца, і мастакі павінны шторазу наноў адваёўваць сваю свабодную прастору). Міліцэйскія ўчасткі, дзе арыштаваных жорстка збіваюць, а праваахоўнікі дазваляюць сабе расісцкія жарты.

«Як гэта можа сумяшчацца?» — задае дыктарка галоўнае пытанне менскай і беларускай рэчаіснасці.

Гулін ставіць свой чарговы эксперымент: ставіць белую костку з пап’е-машэ каля пазнавальных сімвалаў горада. Arte паказвае горад як сацрэалістычную ўтопію: «манументальная архітэктура прымушае чалавека адчуць сябе зусім маленькім». Наноў адбудаваны гістарычны цэнтр («гэта нармальна») спляжаны гмахам Чыжа — пераўтвораны ў цацачную кулісу, пернікавы сувенір. Мінчукі рэагуюць на мастака станоўча: яшчэ адна анамалія ў сталіцы глыбока саветызаванай дыктатуры.

Фатограф Міхаіл Сарычаў у сваіх праектах займаюцца і мінулым, і сучаснасцю. Серыя здымкаў з апошніх пратэстаў, напрыклад, дазваляе ўзняць пытанні ўплыву рэпрэсій на чалавека, а таксама найноўшую гісторыю Беларусі: датацыйную стабільнасць 2000-х і абвал 2010-х, які набыў розныя формы, ад драматычнага скарачэння заробкаў да неспадзявана масавых пратэстаў.

Адсюль аўтары рэпартажу лагічна пераходзяць да ролі Расіі («стаўленне да вялікага суседа — амбівалентнае») і пытання аб мінуўшчыне. Гаворка пра другі праект Сарычава, прысвечаны Курапатам. Фатограф ставіць пад пытанне афіцыйную гістарычную палітыку — навязлівай канцэнтрацыі на Вялікай Айчыннай вайне. Гэта «зручнае стаўленне», бо яно дазваляе абмінуць праблемныя моманты ранейшай гісторыі — у тым ліку і Курапаты, «прыклад крайняга гвалту і палітычнага ўціску».

Вольга Гапеева ў Мінску. Фота: Kobalt. 

Вольга Гапеева ў Мінску. Фота: Kobalt. 

Паэтка Вольга Гапеева расказвае аб праблеме ідэнтычнасці, уласцівай Беларусі — краіне, якая заўсёды была «паміж» і якая сёння вымушана сутыкнулася з пытаннем «хто мы?» У ліку іншых мясцін Гапеева чытае ў музеі Азгура — у суправаджэнні мадэрновай музыкі. Гэта яшчэ раз паказвае складаную структуру менскага жыцця: такія выступленні выглядаюць дзіўна на фоне сацрэалістычных скульптур, дзе ў сваю чаргу перамяшаныя беларускія нацыянальныя героі і савецкі канон (Колас побач з Леніным і Сталіным).

«Тое, што маладыя артысты, як яна, могуць выступаць у дзяржаўным музеі, паказвае іншы бок Менска. Горад прапануе і магчымасці», — заўважае закадравы голас.

Гэты ж бок беларускай сталіцы выяўляе Кастрычніцкая вуліца. «Амаль што як у Берліне ці Амстэрдаме», — каб не два элементы ландшафту: дошка гонару і Ленін.

У самым канцы рэпартажу Гулін кажа: «Адбываюцца сапраўды цікавыя рэчы. Ёсць некалькі сапраўды добрых мясцін». Канцэпцыя апавядання, зададзеная і загалоўкам, і шматлікімі рэмаркамі пра савецкі баласт, які нібыта цалкам фарміруе менскую штодзённасць, — канчаткова распалася. Тое, пра што ў Беларусі пісаў, напрыклад, Квяткоўскі («Ленін без кантэксту»), а для нямецкіх СМІ — Мельянцоў («Доўгае развітанне з БССР»), — добра відаць у гэтым кароткім відэа.

Горад змяняецца, людзі не абавязкова адпавядаюць стэрэатыпным уяўленням пра ахвяр жорсткай дыктатуры. І «крывавы рэжым», і савецкая архітэктура, якая павінна задушваць асобу, не здолелі спыніць натуральны рух часу: «Тым не менш, у Мінску ўтварылася ангажаваная і крэатыўная сцэна». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?