Старшынёй асацыяцыі «Федэрацыя хакея Беларусі» на справаздачна-выбарчай канферэнцыі, што праходзілай 20 мая ў Мінску, абраны старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра. Пра гэта паведамляе БелТА.

Шапіра пракаментаваў сваё абранне.

«Федэрацыя ў апошнія гады працы зрабіла вельмі многае. Пра нас увесь свет даведаўся як пра хакейную дзяржаву. Апошняя перамога была заваяваная напярэдадні ў Кёльне. Гэта велізарная заслуга Ігара Рачкоўскага. Маё прозвішча сярод хакеістаў вы ніколі не чулі. Так, я ўсё жыццё працаваў у сельскай гаспадарцы, але, прыбыўшы ў Гродна і стаўшы губернатарам, палюбіў хакей. Убачыў пэўныя правілы: у Гродне заўсёды існавала калегіяльнае абмеркаванне ўсіх пытанняў, што і давала пэўныя вынікі. Зрэшты, усюды прынцыпы кіравання падобныя. Не схільны рабіць кадравыя чысткі, аднак усе мяне ведаюць, як чалавека жорсткага і патрабавальнага. Без гэтага не бывае вынікаў», — цытуе новага кіраўніка федэрацыі «Прессбол».

Напярэдадні «Прессбол» атрымаў неафіцыйную інфармацыю, што ранейшы старшыня, Ігар Рачкоўскі падаў у адстаўку.

Пра стан у беларускім хакеі неаднаразова крытычна выказваўся Аляксандр Лукашэнка. Зборная Беларусі на чэмпіянаце свету змагалася за выжыванне ў эліце, заняла 13-е месца. З іншага боку, у пятніцу стала вядома, што Беларусь і Латвія атрымалі права правесці ў 2021 годзе чэмпіянат свету.

Сямён Шапіра раней (да 2013) узначальваў Гродзенскі аблвыканкам, быў міністрам сельскай гаспадаркі (да 2010). Ён доктар эканамічных навук і сын наввкоўца-аграрніка, прафесара Барыса Шапіры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?