Грузія

Паціху я пачынаю ненавідзець самога сябе за хваравітую цікаўнасць да цяперашней вайны на Каўказе. Усе колеры наваколля быццам бы пабляклі, усе краскі нібыта падвялі, алімпійскія гульні і тыя выглядаюць нейкім недарэчным кітайскім шапіто. Беларускі тэлевізар з прапановаю ганарыцца кароценькай дзявулькаю з гантэлямі выглядае цацкаю для поўнага ідыёта. Якія кветкі? Якія хлопцы з мячыкамі? Якія дзяўчаткі з гантэлямі? Вайна! Абасраная і абасцаная старая баба вынесла сваю сівую акрываўленую галаву з разбуранага бомбаю дома. Баба тупае на месцы, трасецца, хістаецца. У яе шок. Прагная да грошай і сенсацыяў чалавекаабрысная скаціна фільмуе абробленую бабу на камеру. Другая сівагаловая цётка загортвае параненую старую сіняй анучаю, каб тая прыстойна выглядала ў кадры. Закадравы тэкст гучыць па-грузінску. Не разумею. Нічога не разумею. Нават самога сябе не разумею. Ну начорта я ўсё гэта гляджу і гляджу ў інтэрнэце? Якога ражна я чытаю і чытаю расповяды і паведамленні пра вайну? Нешта падобнае адбывалася са мною ў Тбілісі, у далёкім 1975 годзе. Я тыдзень пражыў у знаёмых на праспекце Руставелі. Штодня я праходзіў каля разбуранага опернага тэатра, і кожны раз я спыняўся і глядзеў на ўзарваны будынак. Што я хацеў угледзіць у тых руінах? Мая зацікаўленасць абгарэлымі сценамі была непрыстойная. Мне было сорамна разглядаць знявечаную пабудову, але я разглядаў, бо не верыў сваім вачам. Я не мог паверыць, што ў мірным і вясёлым горадзе, можна прынесці ў тэатар бомбу, каб падарваць і забіць кіраўніка тагачаснай Грузіі. Шэварнадзэ мне было не шкада, мне было шкада мірнага жыцця шматтысячнай сталіцы, якое можна зруйнаваць на доўгі час адной адзінай бомбаю, мне было шкада сябе. І разам з тым, я не ўзлюбіў у сабе неадольную цікаўнасць да ўзарванага опернага тэатра. Ніхто не хацеў пра яго гаварыць, нібыта гэта была нейкая брыдотная тэма. Тбіліся працягваў сваё стракатае, громкагалосае, цыркавое жыццё, нібыта і няма ніякай руіны, нібыта ўсё ідзе правільна, ідзе-бяжыць-коціцца, як і мусіць каціцца-бегчы-ісці. З Тбілісі я з’ехаў з цяжкімі настроямі. У цягніку, які пад’зджаў да Сочы, я даў сабе слова, што больш ніколі не паеду ў Грузію, бо там я нават сам сябе не люблю.

Асеція

У Асеціі пачалася вайна… Беларусь далёка ад Асеціі, і можна зрабіць выгляд, што нас тая вайна абыходзіць. Хай яны там разбяруцца, хай нехта пераможа, а мы потым ціхенька станем на бок пераможцаў і дапаможам ім адсвяткаваць перамогу. Большасць беларусаў так і зробіць. Мы столькі наваяваліся і напакутваліся ў папярэдніх сусветных войнах, што нас і асуджаць ніхто не стане.

Таму я не буду казаць за беларусаў і за Беларусь, а скажу за сябе…

Лёгка стаць на бок моцнага і разам з моцным абліваць брудам слабога. Такая хрэстаматыйная пазіцыя была ў кіплінгаўскага шакала Табакі, які круціўся каля магутнага тыгра Шархана і брахаў на ўсіх, хто быў слабейшы за вялізнага жорсткага ката.

Пазіцыю шакалаў занялі большасць каментатараў вайны ў Асеціі. Адны з боку Расеі брэшуць на Грузію, другія з боку Грузіі вякаюць на Расею, трэція з боку Амерыкі-Еўропы спрабуюць пагаўкаць на Расею і на Грузію адначасова. Усіх іх можна лёгка зразумець і падтрымаць. Толькі мне іх падтрымліваць не выпадае, бо мяне цікавіць лёс Асеціі. Калі ўжо і станавіцца на які бок у гэтай вайне, дык я выбіраю Асецію, не Паўднёвую Асецію і не Паўночную Асецію, а ўсю Асецію цалкам. Выбраўшы такі незайздросны бок, варта задумацца пра задачу нумар адзін, якую мусіць вырашаць і сягоння спрабуе вырашыць Асеція. Яе задача – аб’яднанне. Грузія не зможа дапамагчы Асеціі ў вырашэнні гэтай задачы. Амерыка і Еўропа таксама не вельмі рупяцца пра перспектывы развіцця Асеціі. Пра Асецію парупілася Расея. Яна дапамагала і дапамагае Асеціі як магла, як разумее і як умее. Пра здольнасці Расеі дапамагаць іншым народам усе цудоўна ведаюць. Толькі ніякай іншай дапамогі для Асеціі не было і няма, нават на словах мала хто займае ўласна асецінскі бок.

Ёсць у мяне яшчэ адзін аргумент каб стаць на бок Асеціі. Ні Расея ні Грузія ніхто іншы, акром Асеціі, выйграць у гэтай вайне не зможа, бо ўсе іншыя так ці інакш будуць акупантамі, будуць каланізатарамі асецінскіх земляў. Толькі ў асецінаў ёсць ясная і дальнабачная мэта ў гэтай вайне.

Разважаючы пра вайну на Каўказе, варта памятаць пра адзін малапрыемны факт з жыцця сучаснай Расеі. Калі расіянам была прапанавана віртуальная гульня з выбарам самай папулярнай постаці ў тысячагадовай гісторыі Расеі, з першага мільёна гульцоў пераважная большасць прагаласавала за грузіна Сталіна. Такі садамазахіскі выбар робіць сягоння Расея. Нікога той выбар нават не дзівіць, што на мой погляд і паказальна, і драматычна.

Адам Глобус. Аркі. Захоўваецца ў прыватнай калекцыі.

Адам Глобус. Аркі. Захоўваецца ў прыватнай калекцыі.

* * *

Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?