«Ікееўскія» канапы ў найбліжэйшы час могуць атрымаць абіўку з беларускіх тканін. Магілёўскае прадпрыемства «Магатэкс» ужо два гады вядзе пра гэта перамовы з сусветнай сеткай тавараў для дома. Пасля мадэрнізацыі павінны пачацца рэальныя пастаўкі, распавёў TUT.BY дырэктар фабрыкі Віктар Маціевіч.

Фота: Дзяніс Васількоў, TUT.BY

Фота: Дзяніс Васількоў, TUT.BY

— Каб адпавядаць па якасці ўсім патрабаванням кампаніі, неабходна ўсталяваць новае сучаснае абсталяванне. Мы праводзім мадэрнізацыю, і ў найбліжэйшы час у нас з'явяцца такія магчымасці, — удакладніў Маціевіч.

Асноўныя канкурэнты беларускай фабрыкі — вытворцы тканін з Кітая і краін Паўднёва-Усходняй Азіі. Іх экспартаарыентаваныя прадпрыемствы часта атрымліваюць субсідыі ад дзяржавы.

— Пры ўсіх роўных умовах па кошце вытворчасці прадукцыі, іх субсідыі не дазваляюць нам быць канкурэнтнымі па шэрагу пазіцый. Але мы плануем разам з Ikea выйсці на вытворчасць новых відаў тканін, якія дазволяць нам заняць сваю нішу, — разлічвае дырэктар «Магатэкс».

Магілёўская швейная фабрыка працуе з Ikea з 2010 года. На трох прадпрыемствах «Магатэкс» робяць каля трох дзясяткаў «ікееўскіх» тавараў — сталовую бялізну, сурвэткі і шторы. Пакуль прадукцыя, зробленая ў Беларусі, прадаецца толькі ў 14 расійскіх гіпермаркетах сеткі.

— Каб выйсці на глабальны рынак, нашы вытворчыя магутнасці па выпуску гатовых вырабаў павінны пакрываць усе рынкі, дзе працуе Ikea. Тыя аб'ёмы, якія ім патрэбныя, мы зможам забяспечыць у найбліжэйшыя год-паўтара пасля мадэрнізацыі, — патлумачыў Маціевіч.

Еўрапейскім стандартам якасці магілёўскі тэкстыль цалкам адпавядае. Летась «Магатэкс» кропкава пастаўляў сваю прадукцыю ў нямецкую і польскую Ikea. У крамы вядомага брэнда прадпрыемства рэалізуе каля траціны ўсёй вырабленай прадукцыі.

Пасля мадэрнізацыі, якая пачалася на «Магатэкс» у 2011 годзе, фабрыцы ўдалося ў два разы павялічыць аб'ёмы вытворчасці. Да 75% прадукцыі ідзе на экспарт. У асноўным, у Расію. Цяпер вытворца працуе над дыверсіфікацыяй рынкаў збыту.

— Паводле ацэнак эканамічных экспертаў, калі прадпрыемства мае каля 25% экспарту ў краіны, дзе ёсць стабільная валюта: еўра і даляр — гэта дазваляе без асаблівых праблем пераадолець складанасці на іншых рынках. Пакуль гэты паказчык у нас на ўзроўні 3-5%, — распавёў кіраўнік «Магатэкс». — Павялічваць працэнт мы збіраемся не шляхам адмовы ад якіх-то рынкаў, а за кошт павелічэння вытворчасці.

Па словах Віктара Маціевіча, беларускі тэкстыль сёння можа канкураваць з кітайскім на еўрапейскім рынку: лагістыка таннейшая, якасць лепшая.

— Замежная кампанія прыехала да нас і папрасіла мільён ахоўных штаноў. А нашы аб'ёмы сёння дазваляюць зрабіць 500 тысяч. Мы разумеем, што неабходна павялічваць магутнасці, — кажа кіраўнік. — З Германіяй актыўна працуем. Цяпер збіраемся пачаць вытворчасць занавесак, якія не прапускаюць святло, для дома і гасцініц.

Акрамя «Магатэкс», для Ikea сёння працуюць і іншыя айчынныя кампаніі. У Маладзечне, напрыклад, робяць камоды, сталы і крэслы, у Магілёве — раскладанкі, а таксама мэблю для гасцінай і кухні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0