Кітай скончыў будаўніцтва найбуйнейшай плаваючай сонечнай электрастанцыі, якая ўжо падключаная да энергасістэмы краіны, паведамляе Digital Trends. Яна знаходзіцца ў правінцыі Аньхой і мае магутнасць 40 МВт. Цікава тое, што сонечныя панэлі размешчаныя на вадзяной паверхні, а раней, да затаплення гэтых тэрыторыі, там здабывалі вугаль. Кітай раней неаднаразова дакаралі за вялікія выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу, а цяпер Паднябесная імкнецца стаць лідарам у сферы аднаўляльнай энергетыкі, таму выбар пляцоўкі для электрастанцыі выглядае іранічна.
Плаваючыя электрастанцыі становяцца ўсё больш папулярнымі ў свеце, таму што іх можна размяшчаць на «бескарысных» для горада тэрыторыях. Акрамя гэтага, размяшчэнне электрастанцыі на вадзе дазволіць знізіць узровень выпарэння вады і адначасова забяспечыць ахалоджванне элементаў батарэй, што прадухіляе іх дэградацыю.
Раней, у 2016 годзе, Кітай ужо будаваў у гэтым раёне плаваючую сонечную электрастанцыю, але з меншай магутнасцю — 20 МВт, што ў два разы менш за магутнасці новай платформы. Цікавасць Кітая да альтэрнатыўнай энергетыкі выклікана імклівым патанненнем такіх тэхналогій. Чакаецца, што ў найбліжэйшыя гады сонечныя электрастанцыі змогуць канкураваць з вугальнымі, а Кітай павялічыць долю альтэрнатыўных крыніц энергіі да 20% ужо ў 2030 годзе.