У пытанні пачатку заняткаў у школах галоўным павінна быць здароўе дзяцей. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, наведваючы адну з мінскіх школ.
«Мы павінны вызначыцца, чаго мы ад гэтага (пераносу пачатку вучэбных заняткаў) хочам. Я казаў пра здароўе дзяцей, пра нармальнае іх самаадчуванне на ўроку. Для таго каб чалавек засвойваў матэрыял, ён павінен добра сябе адчуваць. Таму мне здаецца, што тут мэта — здароўе дзяцей і здольнасць засвойваць матэрыял», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандру Лукашэнку была прадстаўлена інфармацыя, згодна з якой 82,5% устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з 1 верасня 2017 года будуць пачынаць навучальныя заняткі з 9 раніцы. З 8.30 раніцы вучоба будзе пачынацца ў 17,2% школ і толькі ў 0,3% устаноў - з 8 раніцы.
«Мы праманіторылі. Так, сапраўды, ёсць аб'ектыўна школы, якія могуць пачынаць навучальныя заняткі з 9 раніцы. Гэта, як правіла, сельскія школы і ўстановы адукацыі, якія працуюць у адну змену», — паведаміў міністр адукацыі Ігар Карпенка.
Паводле яго слоў, складанасці ўзнікаюць у школ, дзе навучальны працэс арганізаваны ў дзве змены, але адпаведныя пытанні вырашаюцца ў тым ліку за кошт некаторага скарачэння часу пераменак.