Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі рыхтуе пагадненне, якое плануе падпісаць з дзяржавай. На майскім пленарным пасяджэнні «біскупы выказаліся за неабходнасць юрыдычнага ўрэгулявання адносін паміж Каталіцкім Касцёлам у Беларусі і дзяржавай для больш эфектыўнага супрацоўніцтва дзеля духоўнага дабра беларускага народа».

На працягу некалькіх апошніх гадоў у Беларусі на розных узроўнях абмяркоўвалася падрыхтоўка пагаднення паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь. Як вынікае з камуніката, Канферэнцыя Біскупаў хоча прапанаваць са свайго боку іншы дакумент, які, на яе думку, урэгулюе адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай, напрыклад, у сферах медыцыны, адукацыі, культуры, — пракаментаваў для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Выклікі часу такія, што трэба духоўна акармляць і вязняў, і хворых у шпіталях, школа таксама тое месца, дзе павінен прысутнічаць Касцёл. А калі няма такой дамовы, часта наша прыстунасць залежыць ад канкрэтнага чалавека: ці пусціць ён нас да вязня, ці дазволіць цэлебраваць св. Імшу ў шпіталі… І гэта трэба замацаваць правам. Таму мы распрацоўваем такое пагадненне», — патлумачыў іерарх.

Прыклад такога дакумента ў Беларусі ўжо ёсць: ён быў падпісаны 15 гадоў таму паміж дзяржавай і Праваслаўнай Царквой і стаў базай для больш вузкіх дамоў — з канкрэтнымі міністэрствамі і ведамствамі.

Гэтую ж стратэгію ўзяў пад увагу і Каталіцкі Касцёл у Беларусі. Калі ініцыятыва будзе рэалізавана, пагадненне паміж Касцёлам у Беларусі і дзяржавай стане новым штуршком і ў адносінах, і ў працы, лічыць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Менавіта зацягнуты працэс падрыхтоўкі ватыканска-беларускага пагаднення і падштурхнуў да распрацоўкі дамовы паміж мясцовым Касцёлам і дзяржавай. Ідэя таксама ўжо была агучана ў Апараце Упаўнаважанага па справах рэлігій, прызнаўся арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Мы шмат разоў чулі: чаму ў вас няма такой дамовы? І я асабіста размаўляў з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, і яны адкрытыя на гэта. Бо гэта ўжо працуе ў Праваслаўнай Царкве. Гэта базавае пагадненне, некалькі старонак. Некаторыя моманты былі ўзяты з існуючага дакумента, бо калі глядзець і на іншыя пагадненні Беларускай Праваслаўнай Царквы з установамі, гэта вельмі вялікая праца. А ў нас пакуль — гэта база, прынцыпы», — сказаў іерарх.

На апошнім пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў дакумент былі ўнесены некаторыя папраўкі, каб у бліжэйшы час прадставіць на ўзроўні Святога Пасаду, дзе і вырашыцца далейшы лёс пагаднення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?