Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з навучэнцамі «Моладзь. Погляд у будучыню» распавёў пра вучобу свайго малодшага сына Мікалая, перадае БЕЛТА.

Па яго словах, адным з любімых школьных прадметаў яго сына з'яўляецца гісторыя. «І не таму, што я гісторык. А таму, што ў яго склад розуму гуманітарны», — сказаў ён.

«Калі вы думаеце, што ён у мяне там асаблівае дзіця, нічога падобнага. Як усе. У сем пад'ём, у восем на занятках, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Звычайная школа, звычайны вучань. Так, усе разумеюць, што гэта сын прэзідэнта. Але, дзякуй богу, ён не любіць, калі на яго больш звяртаюць увагі, чым гэта трэба».

Гаворачы пра школьныя заняткі, кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што не варта перагружаць вучняў вялікай колькасцю ўрокаў і занадта складаным матэрыялам, роўна як і празмерным аб'ёмам хатняга задання. «Інакш атрымаем зваротную рэакцыю. Асабліва калі дзеці не разумеюць складанасць матэрыялу», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама распавёў пра рэакцыю Мікалая на ініцыятыву аб пераносе пачатку ўрокаў у школах на 9 гадзін: «Раніцай адно меркаванне я ўжо атрымаў: ты не тое робіш, не трэба ў 9 гадзін. Як бацькі дзяцей павязуць? Гэта ж не сын прэзідэнта едзе».

Як паведамлялася, раней кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў пытанні пачатку навучальных заняткаў у школах галоўным павінна быць здароўе дзяцей. «Мы павінны вызначыцца, чаго мы ад гэтага (пераносу пачатку навучальных заняткаў) хочам. Я казаў пра здароўе дзяцей, пра іх нармальнае самаадчуванне на ўроку. Для таго, каб чалавек засвойваў матэрыял, ён павінен добра сябе адчуваць. Таму мне здаецца, што тут мэта — здароўе дзяцей і здольнасць засвойваць матэрыял», — заявіў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0