Як цёплым травеньскім вечарам, машына стала набліжацца па Лагойскай шашы да прадмесцяў Менска, так адразу павесялела ў мяне на сэрцы. А на твары з’явілася ўсмешка. Такая ўсмешка, якая з’яўляецца тады, калі, закаханы, думаеш пра дзяўчыну, якая кранае тваё сэрца.

Я зноў прыехаў у Менск!

У гэтую травеньскую пару Менск найбольш прыгожы. Шырокія, чыстыя вуліцы — і шмат зеляніны.

Фота з інстаграма mc_maxim.

Фота з інстаграма mc_maxim.

Прыдарожныя дрэвы, газоны, скверы… Машына спыняецца ў квартале пяціпавярховых дамоў паміж Тучынкай і Лютаранскімі могілкамі. Тут у дварах шмат зеляніны, і дамы стаяць нібыта ў парку. І гэтак у многіх кварталах на захад ад віленскай чыгункі, у ваколіцах стацый метро «Маладзёжная», «Пушкінская», «Спартыўная». Гэты кавалак Менска здаецца мне вельмі ўтульным.

Апоўдні іду на Імшу ў Чырвоны касцёл. Набажэнства хутка сканчваецца. Прымаю Камунію. Застаюся на паўгадзіны ў касцёле, каб памаліцца і падумаць. Падумаць пра Бога, і пра сваё жыццё. Я празмерна на сабе засяроджаны — і ў сваіх думках, і ў рашэннях, і ў рэлігійных пачуццях… Трэба мяняць гэта, пераломваць, адкрывацца на Бога, на людзей, на жыццё. І… да споведзі трэба як найхутчэй…

У касцёле сустрэў мастацтвазнаўцу Сяргея Харэўскага. Выйшаўшы на вуліцу, нядоўга размаўляем пра будынкі, звязаныя з каталіцкай гісторыяй Менска. Харэўскі паказвае мне дом, дзе жыла вядомая мецэнатка Магдалена Радзівіл, расказвае, у якім доме жыў Раман Скірмунт, і дзе была Менская каталіцкая семінарыя (у мурах кляштара дамініканаў). Мне вельмі прыемна, што магу ў Менску выпадкова сустрэць такога выбітнага чалавека як Харэўскі, і пастаяць з ім пагаварыць…

Пасля Імшы аглядаю дом, дзе жыў Скірмунт. Вуліца Валадарскага, 12А. Трохпавярховая камяніца захавала свой арыгінальны выгляд і дэкор фасада. Спыняюся і цэлую хвіліну гляджу на гэтыя муры. Прыгажосць і гарманічнасць лашчаць вока. Вось, - думаю, - я, не дужа адукаваны хлопец з правінцыі, не абазнаны ў мастацтве — але і мяне кранае гэтая прыгажосць! Я не мог гэтаму навучыцца, выхаваць у сабе пачуццё прыгожага — але, мусіць, чалавеку ўласціва гарнуцца да таго, што прыгожае. І тыя, хто знішчаюць прыгожае ў прыродзе, у гарадскім асяроддзі, у культуры, падмяняюць эстэтыку шэрымі бетоннымі каробкамі і безгустоўнай папсой — ігнаруюць, не даюць права на існаванне важнай уласцівасці чалавечай асобы, якую даў чалавеку Бог.

Каля Камароўскага лесу — цяпер парку імя Чалюскінцаў — сустракаюся з гісторыкам і журналістам Алесем Гелагаевым. Шмат гадоў чытаем адзін аднаго на Фэйсбуку, цяпер вось нарэшце сустрэліся і разгаварыліся. Размаўляем пра гісторыю беларускага каталіцтва ў ХХ стагоддзі, пра палітычныя артыкулы ў віленскай хрысціянска-дэмакратычнай прэсе 1930-х гадоў.

…У доме, дзе я спыніўся, адключылі гарачую ваду. Я абдумваю, дзе можна скарыстацца гэтым дабрадзействам цывілізацыі — і вырашаю пайсці да Дашкевічаў. Яны жывуць якраз недалёка ад парка Чалюскінцаў. Прывёўшы сябе ў парадак, каб не выглядаць як бомж, знаёмлюся з хатняй бібліятэкай Дашкевічаў. Зьміцер паказвае мне Біблію, надрукаваную ў 1812 годзе на англійскай мове. «О, я ведаю, як можна падвучыць англійскую мову! — выказваю нечаканую думку. — Узяць Біблію па-англійску і чытаць». — «А я так і вучыў», - адказвае мне на гэта Зьміцер.

Прашу ў Зьмітра пазычыць мне зборнік Чэстэртана. Пра гэтага пісьменніка мне некалі з захапленнем расказваў Зьміцер Хведарук, а сёння пра яго казаў Алесь Гелагаеў. А я, да свайго сораму, ніколі не чытаў Чэстэртана. Дык прачытаю хоць пару ягоных апавяданняў. Вось як выедзеш у Менск і пабудзеш каля разумных людзей — абуджаецца імкненне чытаць, пашыраць свой кругагляд, спазнаваць свет… А як у правінцыю вяртаешся, то цікавасць да інтэлектуальнага і культурнага развіцця некуды прападае.

Выходжу ад Дашкевічаў вечарам. Ціхі травеньскі вечар. Не хочацца спяшацца на кватэру. Іду праспектам у цэнтр. На плошчы Якуба Коласа аглядаю выставу рэпрадукцый карцін сучасных беларускіх мастакоў. Мне найбольш падабаюцца краявіды, яны найбольш кранаюць і абуджаюць уражанні. Разглядаю забудову праспекта. Мне падабаецца гэтая забудова. Архітэктары падбалі пра эстэтычны выгляд будынкаў — і на іх прыемна паглядзець.

Каля плошчы Перамогі цвітуць бэз і каштаны. Пад мостам неба адбіваецца ў водным люстры Свіслачы. Па праспекце і па набярэжнай шпацыруюць мінакі. Моладзь ездзіць на роварах. Сонца заходзіць за Оперны тэатр. Прыцемнена выглядаюць зялёныя масівы сквера Янкі Купалы і парка Горкага. Я даходжу да Кастрычніцкай, і спускаюся ў сутарэнні метрапалітэна, каб пад’ехаць некалькі перагонаў на цягніку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?