Дар'я Бараноўская.

Дар'я Бараноўская.

Даша жыве ў Дзяржынску, вучыцца на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ: заўтрашні спецыяліст у галіне піяру. Цікава, што дзяўчына ў год свайго набору прадэманстравала самыя высокія балы. Будучы студэнткай, яна ўжо і раней спрабавала сябе ў карысных грамадству актыўнасцях. У рамках Акадэміі студэнцкага лідарства яна прэзентавала праект, які дапамагаў вырашыць праблему з моцным холадам у інтэрнатах. Калі пра такую «пазаштатную» дзейнасць даведаліся на факультэце, Дашу адразу ж вызвалі ў дэканат і ясна далі зразумець, што яна такім чынам няславіць яго гонар. Цяпер, калі дзяўчына атрымала дыплом фіналіста Social Weekend, яна зноў трапіла ў міласць кіраўніцтва.

«Чыноўнікі нярэдка мяркуюць, што студэнты, якія займаюцца няўрадавымі праектамі, — дрэнныя. На самай справе, такія людзі, наадварот, — адны з найлепшых на факультэце, яны жадаюць лакальна змяняць вакол сябе свет», — каментуе Глеб.

Глеб Вайкуль.

Глеб Вайкуль.

Дарэчы, можа, і выкладчыкі Глеба разам з дэканам шкадуюць, што страцілі добрага студэнта: Глеба адлічылі з філфака БДУ пасля ўдзелу ў маршы студэнтаў, што пратэставалі супраць платных пераздач.

Цяпер Глеб вымушаны з’язджаць вучыцца за мяжу, бо, калі тут зноў будуць праблемы, яго заграбуць у войска. А ён шчыра хоча атрымаць адукацыю, не марнуючы час на войска. Пры гэтым Глеб упэўнены, што часовы пераезд не перашкодзіць яму займацца на радзіме як і «Гукамі метро», так і прымаць удзел у развіцці новай палітычнай арганізацыі «Дзея», якую стварыў Алесь Лагвінец.

Глеб жартуе і спадзяецца, што яго апазіцыйнасць не паўплывае на рэалізацыю праекта. Зараз жа ўсё складваецца як нельга лепш: першы ролік з паланэзам «Паўночная зорка» Напалеона Орды ўжо 1 чэрвеня будзе гучаць у метро разоў дзесяць за дзень. Пакуль што з простай візуалізацыяй, але хутка маладыя людзі знойдуць дызайнера, які дапаможа зрабіць для выдатнай музыкі адпаведны відэашэраг.

А пачалося ўсё з ідэі.

«Ні я, ні Глеб ніяк не звязаны з музыкай, мы не хадзілі ў профільныя школы, і ў нас нават слыху няма! Мы проста любім музыку. І лічым, што ў Беларусі вельмі развітая культура, але самі жыхары, на жаль, гэта дрэнна ведаюць. І трэба гэтыя факты папулярызаваць», — расказвае Даша.

«Я ўвогуле лічу, што культура — гэта самае галоўнае, што можа быць у грамадства. Нацыі з моцнай культурай будуць жыць вечна, а мы праз музыку імкнёмся павысіць агульны ўзровень культуры», — падхоплівае Глеб. За ім адразу працягвае Даша: «І калі ўсе зразумеюць, што мы — гэта не толькі Саладуха, тады нешта, можа, зменіцца».

Самі актывісты слухаюць розную музыку. Сучасную беларускую ў тым ліку. За 10 месяцаў яны наведалі каля 70 мерапрыемстваў, сярод якіх былі выступы і Brutto, і Вольскага, і «Дзецюкі», і шмат хто яшчэ. Улічваючы разнастайнасць сваіх музычных пераваг, першапачаткова яны хацелі стварыць праект з рознымі жанрамі, але пакуль вырашылі патэставаць рэакцыю людзей на самым нейтральным.

Варта адзначыць, што ў самым пачатку рэалізацыі праекта Глеб і Даша накіраваліся за парадамі наўпрост у Беларускую акадэмію музыкі, але тамтэйшыя ідэолагі, пачуўшы беларускую мову і ўбачыўшы на шапцы Пагоню, адрэагавалі холадна і адмовілі ў дапамозе. Прафесійна скласці спіс трэкаў з беларускімі класічнымі кампазіцыямі вызвалася выпадкова знойдзеная ў сацсетках студэнтка акадэміі Вольга Фёдарава. Пасля Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай маёмасці праверыў творы на прадмет аўтарскіх правоў: амаль 80% з адабранага знаходзіцца ў вольным доступе, так што актывістам не давядзецца плаціць за тое, каб усе мы слухалі пад зямлёй класікаў.

Знайсці ж выхад на метро дапамог Сяргей Карнілаў, які прадстаўляе новую для Беларусі прафесію — GR-менеджар, чалавек, які дапамагае наладзіць дыялог з органамі ўлады. Менавіта ён параіў пісаць лісты не проста на імя дырэктара метро (на лісты фізічных асоб чыноўнікі, звычайна, увагі не звяртаюць), а на кампанію «БелРосРэклама», якая ў выніку і стала апекуном «Гукаў метро».

Ёсць у гэтай гісторыі і яшчэ адзін файны момант. Менавіта дзякуючы актывізму — на школе менеджараў, што ладзіць «Арт-Сядзіба», Глеб з Дашай і пазнаёміліся. Праз некаторы час сустрэліся зноў і зразумелі: гэта знак. Падобныя цікаўнасці і любоў да культурных і адукацыйных праектаў зляпілі з іх новую шчаслівую пару. Выснова напрошваецца адна: будзьце актыўнымі — і абавязкова сустрэнеце сваё каханне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?