Пенсійны ўзрост у развітых краінах да 2050 года павінен павысіцца прынамсі да 70 гадоў, бо сярэдняя працягласць жыцця ў іх хутка перавысіць 100 гадоў, гаворыцца ў дакладзе Сусветнага эканамічнага форуму.
На думку спецыялістаў, у такіх краінах як Вялікабрытанія, ЗША, Японія і Канада людзі павінны працаваць даўжэй, чым гэта было да гэтага часу. Такая мера неабходна, бо колькасць людзей, старэйшых за 65 гадоў патроіцца да 2050 года і складзе 2,1 мільярда чалавек.
Да таго часу суадносіны працуючых людзей да пенсіянераў скароцяцца ўдвая і складуць чатыры да аднаго.
Па словах Майкла Дрэкслера, які ўзначальвае праграмы па назіранні за развіццём фінансавай галіны і інфраструктуры ў рамках Сусветнага эканамічнага форуму, чаканы рост сярэдняй працягласці жыцця падобна праблеме змянення клімату.
«Мы павінны звярнуцца да гэтага пытання ўжо зараз ці ж прызнаць, што неспрыяльныя наступствы гэтай з'явы адаб'юцца на будучыя пакаленні, стануць вельмі цяжкай ношай для нашых дзяцей і ўнукаў», — упэўнены эксперт.
Спецыялісты СЭФ вывучылі стан рэчаў у васьмі краінах — Аўстраліі, Канадзе, Кітаі, Індыі, Японіі, Нідэрландах, Брытаніі і ЗША - і прыйшлі да высновы, што для забеспячэння ўсіх грамадзян старэйшых за 70 гадоў да 2050 года дастойнымі пенсіямі ў гэтых краінах спатрэбіцца амаль у шэсць разоў больш грошай.
Агульная сума выплат павялічыцца ў сярэднім з 70 трыльёнаў даляраў ЗША да 400 трыльёнаў.
Гэтая выснова зроблена з разлікаў, згодна з якімі даход пенсіянера будзе складаць 70% ад яго даходаў да сыходу на пенсію.
«Адназначнага рашэння гэтай праблемы няма. Людзі павінны быць больш падкаванымі ў фінансавых пытаннях і, па магчымасці, павялічваць свае асабістыя назапашванні.
Прыватны сектар і ўрады павінны распрацаваць адпаведныя праграмы дапамогі», — упэўнены Жак Гуле, прэзідэнт кансалтынгавай кампаніі Mercer, якая ўдзельнічала ў даследаваннях СЭФ.
Спецыялісты таксама прыйшлі да высновы, што спецыяльныя інстытуты павінны сістэматызаваць даныя аб пенсійных адлічэннях і кансультаваць кожнага чалавека адносна яго фінансавай будучыні.
У якасці прыкладу ВЭФ прыводзіць Данію, дзе існуе вельмі зручная сістэма анлайн, якая дае кожнаму карыстальніку ясную карціну таго, што адбываецца на яго пенсійных рахунках.