Сяргей Сідорскі прапануе дыфэрэнцыяваць плату за паслугі дзіцячых садкоў: шмат якія бацькі могуць аплочваць іх цалкам.

Цяпер бацькоўская плата складае ад нуля (у садзіках для дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця) да 60 адсоткаў дзяржаўных выдаткаў на харчаваньне дзіця. Большасьць бацькоў штомесяц выкладае прыкладна 30 тысяч рублёў за харчаваньне (сума вар’іруецца ў залежнасьці ад узросту дзіця й рэжыму знаходжаньня) і каля 20 тысяч за кожны платны гурток, які наведвае ў садку іх дзіцёнак.

Паводле слоў міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, дзяржава штомесяц выдаткоўвае на харчаваньне дашкаляці 48 тысяч рублёў. Прытрымлівацца нормаў здаровага харчаваньня на гэтую суму не атрымліваецца. Збалянсаванае харчаваньне каштавала б 64 тысячы рублёў у месяц.

Супярэчнасьць між грашовымі й мэдычнымі нормамі харчаваньня дзяцей існуе ўжо многія гады.

Прэм’ер‑міністар лічыць, што ліквідаваць яе можна за кошт забясьпечаных бацькоў. Паводле ягонага меркаваньня, на гнуткую шкалу неабходна перайсьці да 2010 году.

У абарону забясьпечаных бацькоў заўважым, што за іх кошт адміністрацыя садкоў і школ спрабуе вырашыць і іншыя супярэчнасьці: між нормамі адлічэньняў на рамонт, набыцьцё аргтэхнікі, цацак, канцтавараў і рэальнымі патрэбамі сучасных дзяцей. І што паводле сацыяльных стандартаў мінімальная сума, якую дзяржава выдаткоўвае на кожнага выхаванца дзіцячага садка, складае 1 мільён 710 тысяч рублёў у год. У некаторых рэгіёнах гэтыя выдаткі даходзяць да 2,8 мільёна.

То бок заможнаму бацьку паслугі дзяржаўнага дзіцячага садка могуць выліцца ў суму, якой хапіла б на год навучаньняў недзяржаўнай ВНУ.

Паводле: Ірына Дзяргач, «Народная Газета»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0