У Браславе адкрылі дзіцячую парусную школу: у праект ужо ўклалі каля ста тысяч еўра. Насця Храпан адна з 18 мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія першымі вучацца спраўляцца з новенькімі яхтамі. Гэта крута, апісвае эмоцыі ад заняткаў дзяўчынка і не хавае: «Мне яшчэ трэніравацца і трэніравацца. Асабліва складана ўтрымаць ветразь на паваротах: можна папросту зваліцца ў ваду. А я падаць не хачу, бо я не ўмею плаваць».
Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY
Зрэшты, быць плывунняй у парусным спорце не абавязкова: на Насці выратавальная камізэлька. Дапаможа, калі што.
На возеры Дрывяты зараз прышвартаваныя 15 новенькіх яхт класа «Аптыміст». Тут жа пірс, каб да іх спускацца, і ангар, дзе іх захоўваць. Усё гэта з'явілася ў Браславе дзякуючы польскім дыпламатам у рамках праекта «Польская дапамога».
Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY
— За апошнія дзесяць гадоў мы рэалізавалі ў Беларусі каля ста праектаў малых грантаў, — адзначыў Конрад Паўлік, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі. — Ветразная школа — асаблівы з іх. Ён перавышае маштаб малых грантаў, і яго кошт прыкладна 100 тысяч еўра.
Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Конрад Паўлік, старшыня Браслаўскага райвыканкама Уладзімір Дранеўскі і старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY
Яшчэ 40 тысяч еўра Польшча інвесціруе ў працу школы. Напрыклад, навучанне інструктараў.
«Тут бы навучыцца лавіць хвалю і не баяцца»
Ідэя стварыць у Браславе дзіцячую парусную школу з'явілася больш за год таму. Хоць на самай справе яхтынг для гэтага месца паняцце не новае. Яшчэ ў 1930-я гады ў горадзе пабудавалі тры прыстані, дзе размяшчаліся паруснікі, лодкі і байдаркі. Тут праводзілі штогадовыя рэгаты. Аднак Другая сусветная вайна перапыніла традыцыю. І толькі ў 2012 годзе тут зноў сталі праходзіць гонкі парусных спартыўных судоў.
Але ўзнагароды для юных яхтсменаў цяпер не галоўнае.
Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY
— Тут бы навучыцца лавіць хвалю, — дзеліцца планамі на найбліжэйшыя трэніроўкі Таня Калабухава. — І яшчэ — не баяцца, а то моцны вецер часам вельмі палохае.
Пад ветразі 11-гадовая вучаніца гімназіі №1 трапіла з турыстычнага гуртка. Прапанаваў кіраўнік Вячаслаў Кроп. Кіраваць яхтай ён навучыўся ў Польшчы і нават атрымаў на судна правы.
Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY
— Гадоў шэсць таму падчас турыстычнага лагера «Браслаўскія ветразі» нашы польскія сябры і калегі прывезлі нам апрабаваць два «Аптымісты», — успамінае Вячаслаў Кроп. — Дзецям вельмі спадабалася. «Вось бы і нам такія», — марылі мы тады, і ўсё спраўдзілася.
Цяпер, кажа суразмоўца, яхтавым спортам у горадзе займаюцца каля 20 хлопчыкаў і дзяўчынак. Ужо месяц яны вучаць тэорыю, і тыдзень ходзяць пад ветразем па вадзе. За гэты час, што цікава, ніхто з пачаткоўцаў ў ваду нават не ўпаў.
— Спрыт, — усміхаецца Вячаслаў Кроп.
«А як нам запісаць дзіця ў парусную школу?»
А ў аддзел адукацыі спорту і турызму Браслаўскага райвыканкама ўжо каторы дзень тэлефануюць бацькі. Пытанне ў мам і тат такое: «А як нам запісаць дзіця ў парусную школу?».
— Цяпер мы шукаем прафесійнага трэнера па парусным спорце і недзе праз месяц плануем набраць тры групы дзяцей, — кажа Станіслаў Астаноўка, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкама. — Кожная з груп да 15 чалавек, заняткі для хлопчыкаў і дзяўчынак будуць бясплатнымі.
Прафесійнага інструктара па парусным спорце, не хавае суразмоўца, знайсці не так і проста. Усё ж такі гэты спорт у краіне не вельмі развіты.
Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY
— Аналагічная школа даўно існуе ў польскім горадзе Аўгустове. Туды на перакваліфікацыю плануем адправіць некалькі нашых спецыялістаў, — працягвае Станіслаў Астаноўка. — Магчыма, іх інструктар прыедзе да нас і навучыць кагосьці тут.
Што тычыцца яхт-клуба для дарослых, то пра яго з'яўленне ў Браславе пакуль гаварыць не бяруцца. Затое ў планах вучыць паруснаму спорту дзяцей мясцовых турыстаў. Праўда, у адрозненне ад мясцовых дзетак, заняткі для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія адпачываюць на азёрах, будуць платнымі.