Народная мудрасць сцвярджае: той, хто хоча, — знойдзе магчымасць, а другі — адкапае апраўданне. Напэўна, мы з вамі, як ніхто іншы, глыбока перажываем усю горкую сутнасць гэтых слоў. Адсутнасць палітычных свабодаў, цяжкае дзяцінства, нязручнае геаграфічнае становішча, клімат ці неспрыяльныя абставіны заўжды стаяць на шляху нашых добрых памкненняў.

Мінчук Ігар Палякоў з’яўляецца жывым прыкладам жыцця і мараў насуперак абставінам, прыкладам жыцця з гемафіліяй.

Гемафілія з’яўляецца няпростым прысудам, які чалавек атрымлівае ў спадчыну ад нараджэння. Любая траўма, маленькая драпіна ці банальны парэз нясуць чалавеку з гэтым захворваннем смяротную пагрозу.

Ігар Палякоў нарадзіўся ў Гомелі ў паўднёвым мікрараёне Стары Аэрадром. Мясцовыя жыхары чамусьці ахрысцілі яго Пентагонам. Хлапцы з Пентагона вялі бязлітасную барацьбу з суседнім Сельмашам. Ігар не мог удзельнічаць у бойках, але мог бачыць, як натоўпы праходзілі пад вокнамі.

Сельмаш і крымінальнае дзяцінства

Усе галоўныя бандыты горада жылі ў маім двары. Таму адначасова было стромна, але і спакойна, што ніхто зачапіць не мог. Размаўлялі з імі, жылі па суседстве. Потым ужо з жахам я даведваўся, як не надта ўдала складаўся іхні лёс. Хлапцы ў канцы 80-х — пачатку 90-х часта сыходзілі ў крымінальныя структуры. Гуляў з імі ў настольны тэніс, але шмат у чым былі розныя інтарэсы. Самому сёння цяжка сказаць, як не патрапіў у іх атачэнне, бо такое падзенне заўжды адбываецца незаўважна.

Нягледзячы на дыягназ, гуляў у хакей і футбол

Дыягназ мне паставілі ў паўгода. Гемафілія лічыцца спадчыннай, хаця ніхто ў родзе не хварэў. Таму магу сказаць, што хварэю ўсё сваё жыццё. Дзесьці падаеш, пачынаецца кровазліццё ў суставы, і праз адсутнасць лекавання і медыкаментаў у савецкі час я паступова набываў інваліднасць. Бацькі не стрымлівалі, і я гуляў у хакей, футбол, вайнушкі, атрымаў цяжкі пералом. Але, дзякуй Богу, магу хадзіць цяпер.

Я вельмі ўдзячны маім бацькам за тое, што намагаліся так уладкаваць маё жыццё, каб адчуваў сябе нармальным і не закрываўся ў самім сабе. Падаў часам і не казаў бацькам, толькі калі не мог падняцца — бацькі самі заўважалі. Вёў актыўнае жыццё.

Бацькі часам сварыліся, калі прыходзіў з гузаком ці разадраным каленам, але жорстка не рэагавалі. У мяне была дома клюшка. Перад тым, як выйсці ўзімку на коўзанку, ставіў клюшку за футрамі і перад выхадам незаўважна браў яе. Я разумеў, што трэба быць асцярожным, але нічога з сабой зрабіць не мог. Калі гулялі ў футбол — на браме стаяў, бо біць не мог, а ў хакеі, наадварот, цэнтрфорвардам быў. Мітусня каля чужой брамы, а я вартую момант і ў пару дотыкаў забіваю. Важны быў гулец.

Быў адным з першых гомельскіх праграмістаў

Пасля школы я паступіў на матэматычны факультэт з цікавай спецыяльнасцю — «інжынер-праграміст». Тады гэтая група была першай у Гомлі і другой ва ўсёй краіне. Нам падавалася, што ўсё пачынаецца. Гэта было цікава, у школе ў мяне быў першы ў горадзе клас з японскімі камп'ютарамі. Ва ўсіх была АПК, і я хадзіў у камп'ютарны клас. Мой тата працаваў на матфаку, і таму я таксама пайшоў за ім.

Яшчэ адна прычына паступіць на матфак — патрапіць у студэнцкую дзвіжуху. КВЗ тады перажываў свой бум у горадзе. На спаборніцтвы «Дацэнты-студэнты» збіралася поўная актавая зала ўніверсітэту, нават праходы былі забітыя, каля 1000 чалавек агулам. Часцей перамагалі дацэнты, толькі на пятым курсе мы сабраліся, падрыхтаваліся і перамаглі. Таму не дарма правучыўся на матфаку. Сам факт, што прарэктары, дэканы, тыя каго за багоў лічылі, выходзяць у смешных шортах і жартуюць, быў неймаверным.

Яшчэ ў савецкі час ва ўніверы насіў амерыканскі значак і марыў паехаць у ЗША

Марыў, што з’еду ў Амерыку і зажыву! На факультэце я насіў амерыканскі значак, некаторыя насілі значкі «Перабудова», «Галоснасць». Праўда, у нас на факультэце былі студэнты з Палесціны, якія нават маглі падысці і спытацца, чаго насіў такі значак. Нянавісць да ЗША магла нават перавысіць нянавісць да Ізраіля. Але тады быў перыяд галоснасці, Рэйган прыязджаў у СССР.

Пераезд у Ізраіль — «пасля Гомеля гэта была іншая планета»

У 1998-м годзе пераехаў у Ізраіль. Так жыццё склалася. Гэта краіна стварае максімум бяспекі для сваіх грамадзянаў. У Ізраілі я навучаўся і лекаваўся. Там заўжды ёсць прэпараты і дзяржава стварае ўмовы камфортныя для чалавека з інваліднасцю. Я мог там займацца тым, чым хацеў. У той час амаль не было шырокамаштабных дзеянняў ваенных, толькі з Паўднёвага Лівана выводзілі войскі, Хамас займаў большыя пазіцыі. У 2002-м усе баяліся, што пасля вежаў-блізнятак нешта паўторыцца і ў Ізраілі. Але не было ўражання, што патрапіш у бойню.

Пасля Гомеля гэта была іншая планета. У Ізраілі я мог здабыць неабходныя медыкаменты. Першыя месяцы былі нязвыклымі. Гэта Блізкі Усход, дзе мала чаго еўрапейскага. Для мяне, чалавека з усходнееўрапейскай культуры, было няпроста. Там гарачыя людзі і ім да ўсяго ёсць справа. Там падзеляцца, апельсіны могуць прынесці, крэслы паставіць, сталы. Да цябе могуць падысці на вуліцы і пагутарыць. Гэта нязвыкла было пасля нашай халоднасці.

Уразіла, што на інвалідаў скоса не глядзяць і нават могуць падысці і падбадзёрыць

Адзін з самых яркіх момантаў быў, калі я пад’ехаў на машыне да пошты. Выходжу з машыны, а я даволі доўга пасля траўмы хадзіў з мыліцамі. Там не адчуваеш пагарды з-за гэтага ці насмешак, бо шмат людзей, якія ў войнах пабывалі, а ў нас, бывае, азіраюцца. Раптам падыходзіць чалавек, які цябе абдымае, падыходзіць, кажа, што ў яго з цёцяй і бабуляй цяжка, але падбадзёрыць, што ўсё ў мяне будзе добра. Альбо можаш сустрэць чалавека і будзеш доўга і гучна сварыцца.

У нас гэта заўжды з пачуццём злосці і ўнутранай агрэсіі, а там запаліўся, а праз 5 хвілін прагучала кодавае слова — і ён цябе абдымае, узгадвае, як ваяваў, ці бабулю, плача на тваім плячы і запрашае на каву. Вы можаце больш не сустрэцца, але разыходзіцеся добрымі сябрамі.

Вывучаў іўрыт і біяінжынерыю ў Хайфскім тэхналагічным

Прыемна, што за мяжой прызналі гомельскі дыплом. У той час той універ уваходзіў у дзясятку найлепшых у свеце.

Там панавала абсалютная свабода. Нікога не турбуе, ходзіш ты ці не, але ты павінен да канца года набраць пэўную колькасць балаў. Сам турбуешся, які ты дыплом хочаш атрымаць, якія адзнакі атрымаць. Гэта няпроста, бо там шчыльныя курсы і падобныя да амерыканскай сістэмы адукацыі. Там робяць усё для таго, каб ты зручна навучаўся. Лавачкі з перакладнымі столікамі, выкладчыкі высылаюць табе па мэйле лабараторныя працы, прыгожыя аўдыторыі і касмічныя прыбіральні, дзе няма ні курылак ці чагось такога. Я навучаўся на другой ступені ўжо, у мяне быў нават кабінет з уласным месцам, дзе я мог кансультаваць студэнтаў, мог хадзіць піць каву з выкладчыкамі. Усё для цябе, але інтэнсіўна, глыбока і цяжка.

Вяртанне ў Беларусь і абвастрэнне

Пераезд у Беларусь больш нагадаў унутранае памкненне. На свае народзіны 3-га снежня я апусціўся з нябёсаў на зямлю: шэры лес, вузкая палосачка дарогі з грузавіком і мой самалёт апускаўся да мінскага аэрапорта.

У 2006-м годзе ў мяне было абвастрэнне. У мяне не было дастаткова лекаў. Была траўма мышцы сцягна і я нясвоечасова ўвёў лекі. Пасля гэтага тры гады амаль бязвылазна быў дома. Цяжкі і глыбокі быў час, але дзякуючы яму я пачаў здымаць і пісаць.

Фільмы і міжнародныя праекты

Аднойчы я быццам выпадкова прачытаў абвестку пра фестываль для рэжысёраў-пачаткоўцаў. Я хутка напісаў кіназамалёўку на 7—9 хвілін. Патэлефанаваў сябрам, знаёмаму аператару, і мы за пару дзён яе знялі, за тыдзень змантавалі. На фінішы паспеў даслаць, і праз месяц аказалася, што здабылі перамогу ў адной з намінацый.

Гэта была гісторыя пра ногі. Расповед пра сустрэчы праз рухі і боты. Паказчык, як людзі жывуць праз мітусню і абутак. Назвалі яго «Танга, кастрычнік». Я так уклаўся гэты фільм, што пасля зноў прысеў і амаль 7 год быў дома. Праходзіў аднаўленне. Для таго, каб выйсці, прыйшлося зняць яшчэ адзін фільм. Тады ў мяне ўжо з’явілася жаданне зняць паўнаварты фільм. Ён называецца «Таямніца майго кухара». Гэта ўжо была гісторыя са словамі, першая стужка была толькі з музыкай.

Гісторыя пра кухара з Парыжа, які чамусьці прыехаў сюды, маючы заслугі ў Францыі. Ён, пры ўсіх рэгаліях, ніяк не можа ўладкавацца на працу, пакуль адна з дырэктараў не кажа, што возьме, але пры ўмове, што той навучыцца танчыць танга для вячэрняга шоу. Пры ўсім майстэрстве ён быў няўклюдным.

Танга як навязлівая ідэя. Робіш, пакуль ты ад яе не вызвалішся. Уся справа нагадвала тэрапеўтычную працэдуру. Хацелася выйсці, і сябры, якім я прапанаваў, моцна дапамаглі. Хацелася зняць кароткі метр. Але раптам аказалася, што ў мяне з’явілася цэлая каманда!

Быў сапраўдны прадзюсар, сяброўка і кулінарны блогер, якая дапамагла з пошукам лакацыі і кансультантаў. Калі ўжо была прэм’ера ў кінатэатры «Піянер», я проста не мог паверыць. Думаў, што местачкова зробім, пакажам сябрам. А тут такі праект і ўвага.

Агулам каля 80 чалавек паўдзельнічала. Міжнародны праект: Амерыка, Ізраіль, Канада, Украіна, Расія, нават Аўстралія. Стаяла задача музыку знайсці. Вельмі хацелася «Лібертанга» Астора П’яцола знайсці. Мы хацелі запускаць для легальнага паказу, і нам патрэбны былі легальныя кампазіцыі.

Пачаў шукаць праваўладальнікаў, і мне назвалі суму — 1000 даляраў… Абшукаў стокі, адкрыў маладзёнаў з Іжэўска, напісаў ім, а ў выніку нават пасябраваў з імі. Расейцы пагадзіліся даць 3 кампазіцыі бясплатна. Так цягнецца ланцужок, дзе чалавек прыводзіць другога. Былі нават паказы фільма па Беларусі.

У нас неразвітая індустрыя. Калі «Беларусьфільм» здымае пра партызанаў, то незалежныя рэжысёры здымаюць па-партызанску і пра іх амаль ніхто не ведае. Я б назваў беларускіх рэжысёраў — героямі!

Мы азлобленыя і баімся паглядзець на сябе

Мне здаецца, што нам не хапае рэфлексіі на сучасныя тэмы. Гэта адна з загадак, мабыць, унутраны страх паглядзець на сябе. Я адчуваю, што пачаўся нейкі зрух, але яшчэ мала. Здаецца, мы баімся паглядзець на сябе.

Адзін з лейтматываў новай кнігі — паглядзець на сябе бы праз люстэрка. Чаго баяцца? Я не кажу проста пра тое, што гэта нешта гістарычнае, але тое, што ёсць сёння. У нас жа ёсць асаблівасці, словы, вуліцы, сітуацыі, якія ўласцівыя толькі нам. А мы маўчым і не распавядаем пра гэта, баімся, што будзе горш за Піцер ці Лос-Анджэлес.

Дзякуючы кнізе пабачыў, якая прыгожая Беларусь

Кніга выйшла ў канцы 2013 года. Я пачаў пісаць «Прасторы» яшчэ ў Ізраілі, як споўнілася 30 гадоў. Мой бацька сур’ёзна захварэў і неўзабаве памёр. Таму я патрапіў у глыбокую яму, а кніга для мяне стала псіхатэрапеўтычнай часткай. Я пагрузіўся ў гэтую гісторыю, і яна мяне проста выцягнула.

Гісторыя з выданнем стала цудоўнай. Патрапіць у выдавецтвы ў наш час — няпроста. Я шукаў выдавецтвы, у расейскія трапіць было немагчыма. Шукаў па анлайн-крамах. У мяне не было нейкіх амбіцый, але хацелася пачуць, атрымалася гэта ці не. Што скажуць прафесіяналы? Выслаў увесну, у іх звычайна ёсць 2—3 месяцы на аналіз. Папрасілі пачакаць да лета, я зніякавеў і падумаў, што ўсё. Была прапанова паўдзельнічаць у конкурсе «Первая глава».

Я выправіў што-нішто — і мой урывак перамог, галоўным прызам не з’яўляўся друк кнігі, але яны вырашылі выдаць кнігу і за 4 гады я аб’ездзіў амаль усю краіну. Я за 40 з лішкам гадоў амаль не ездзіў па краіне, а дзякуючы кнізе паглядзеў, якая класная краіна. Мару яшчэ ў Гродне пабываць.

Паўсюль ёсць свае звычкі, пасылы, акцэнты. Здаецца, мы такія аднолькавыя, але людзі на поўдні больш эмацыйныя, чым стрыманыя на поўначы. Паняткі і мемы ўжываюцца нават для Беларусі.

Цяпер мару стварыць нешта падобнае да Кустурыцы

Калі выходзіла першая кніга, я ўжо меў чарнавік для другой.

Мне захацелася напісаць нешта кшталту фільма на паперы, падобнае да Кустурыцы. Маленькі двор, у якім два дамы, і там адбываецца катастрофа містычнага плану, калі раптам яднаюцца два часы. Наш і той, што быў 25 гадоў таму. Усё змясцілася ў сярэднім часе. Там будзе шмат музыкі, джазу, року, сціслая прастора, непрымірымыя суседзі. Ці змогуць людзі дамовіцца, каб не адбылося глабальнай катастрофы? Героі будуць вырашаць гэта цягам дня. Малы горад, двор, суседзі, якім трэба ці дамовіцца, ці не. Ці магчыма вярнуцца ў страчаны рай?

Мы быццам памяркоўныя, але канфліктныя

Мне здаецца, што мы памяркоўныя, але канфліктныя і не ўмеем дамаўляцца. Мабыць, парог накоплівання ў нас вышэйшы, але мы ўмеем спрачацца. Унутраная агрэсія ў нас вялізная. Не кажу пра палітыку проста, але згадзіся, што людзі сварацца са злосцю.

Увогуле, я гультаяваты чалавек, мяне цяжка натхніць. Я раблю тое, што мне цікава. Калі казаць пра другую гісторыю. Была хваля, быў поспех пасля фільма пра кухара. Гэта была спроба стварыць шалёную гісторыю з процьмай джазу, эклектыкі і хуліганства. Дый сябры дапамагалі.

Цяпер я стараюся штодня хадзіць. Праўда, бываюць абвастрэнні, і я сяджу ад дня да тыдня ў хаце. Тыя самыя прэзентацыі. Намагаюся весці актыўны лад жыцця па магчымасці. Хаця часам я зусім не працую. А бывае, проста суткамі да самай глыбокай ночы раблю, раблю, раблю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?