Польскі паліцыянт стаў донарам шпіку (касьцявога мозгу) для 5-гадовай дзяўчынкі зь Беларусі. Анджэй Вашак жыве і працуе ў горадзе Слубіцэ на захадзе Польшчы. Радыё Свабода датэлефанавалася да польскага паліцыянта.

«Стаць донарам я вырашыў пасьля гучнай грамадзкай кампаніі, якая адбывалася ў нашым горадзе. Адна з фундацыяў заахвочвала стаць донарам шпіку. Я падумаў, а чаму б мне не зарэгістравацца і не дапамагчы», — апавядае паліцыянт.

Тры гады таму Анджэй Вашак зарэгістраваўся ў базе зьвестак мацярынскіх клетак. Існуюць два мэтады перасадкі касьцявога шпіку: з грэбеню клубавічнай косткі або з пэрыфэрычнай крыві. Анджэй Вашак выбраў першы мэтад. Перасадка адбывалася пад наркозам.

«Гэта абсалютна бясьпечная форма перасадкі. Калі чалавек здаровы, то няма ніякай рызыкі», — кажа Вашак.

Калі чалавек запісваецца донарам, то ён ня ведае загадзя, хто стане атрымальнікам ягонага шпіку. База зьвестак адкрытая для пацыентаў з усяго сьвету.

«Шпік у мяне ўзялі ў красавіку ва Ўроцлаве. Затым мне пазванілі з фонду і сказалі, што яго перасадзілі 5-гадовай дзяўчынцы зь Беларусі. Гэта адзіная інфармацыя, якую дазволена агучваць. Калі я дазнаўся, што гэта дзіця, то я вельмі ўзрадаваўся. У мяне ў самога сын у гэтым узросьце, таму для мяне гэта стала падвойнай радасьцю. Нацыянальнасьць ня мае для мяне ніякага значэньня. Галоўнае, што я змог дапамагчы. Вельмі спадзяюся, што ў маленькай беларускі ўсё будзе цудоўна. Жыцьцё — гэта самае каштоўнае, што можа падараваць іншаму», — сказаў Анджэй Вашак.

Паводле правілаў, не раней чым праз два гады, калі пацыент паправіцца, фонд, які пасярэднічаў у перасадцы, арганізуе сустрэчу донара і пацыента. На гэта мусяць пагадзіцца абодва бакі. У інтэрвію Свабодзе Анджэй Вашак сказаў, што вельмі спадзяецца на сустрэчу і заахвочвае іншых стаць донарамі.

«Ёсьць розныя спосабы гэта зрабіць. Заклікаю ўсіх далучыцца да гэтай ініцыятывы. Перасадка ня зробіць шкоды здароўю, гэта не баліць. А ўжо праз пару тыдняў вы цалкам вернецеся ў ранейшую форму».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?