Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Таццяна Караткевіч расказала ў інтэрв’ю «Камсамольскай праўдзе», што ў пачатку 2017 года развялася з мужам.
Шлюб з Віталём Караткевічам працягнуўся 16 гадоў. Таццяна пазнаёмілася з ім на семінары ў Вільні. Палітык расказвала, што яе муж працуе аўтаслесарам — збірае машыны хуткай дапамогі.
«Мы разышліся праз розныя погляды на каштоўнасныя моманты. Шлюб трымаецца на простых рэчах, якія вы любіце рабіць разам: камунікаваць, глядзець кіно, падарожнічаць. Наступіў момант, калі мы ў гэтым разышліся, — патлумачыла Караткевіч. — Мой выбар быў просты: калі адносіны не якасныя, не прыносяць бакам сапраўднага дабрабыту і ўзаемнага спакою, упэўненасці, не відаць перспектыў — іх трэба спыняць».
Караткевіч запэўнівае, што развод не звязаны з яе палітычнай кар’ерай. Яна засталася жыць з мамай і 13-гадовым сынам Елісеем.
Таццяна, Віталь і Елісей.
«З былым мужам мы захавалі спакойныя адносіны, ён камунікуе з сынам, стараемся, каб для дзіцяці гэта быў мінімальны стрэс», — расказвае палітык.
Па словах Караткевіч, новых адносінаў у яе пакуль няма.