Сёньня ў Менску праходзіць паседжаньне дэпутатаў парлямэнтаў краінаў, якія ўваходзяць у так званую Цэнтральную эўрапейскую ініцыятыву.

Гэтае паседжаньне курыруе Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Беларусі, і менавіта там адбываецца сустрэча дэпутатаў.

Сярод удзельнікаў няма дэпутата з Чарнагорыі Міядрага Вукавіча. Як ужо паведамляла Свабода, учора ўвечары расейскія памежнікі не дазволілі яму перасесьці на самалёт з Масквы ў Менск, каб трапіць на гэтае мерапрыемства. Цяпер гэтае пытаньне вывучаецца ў Нацыянальным сходзе Беларусі.

Старшыня камісіі адукацыі і навукі Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк так пракамэнтаваў гэтую сытуацыю: «На мой погляд, гэта скандал. Я не разумею, навошта нашым усходнім суседзям рабіць такія справы».

Вядома, што чарнагорскі дэпутат Міядраг Вукавіч быў гарачым прыхільнікам уступленьня Чарнагорыі ў NАТО і ў Эўразьвяз. Ён крытыкаваў улады Расеі за ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Чарнагорыі. Магчыма, праз гэта яго зрабілі неўязным на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі.

Міністэрства замежных спраў Чарнагорыі ўжо абвінаваціла Расею ў парушэньні «базавых міжнародных нормаў і дыпляматычных правілаў» у сувязі з інцыдэнтам з чарнагорскім палітыкам Міядрагам Вукавічам, якому ў ноч на панядзелак не дазволілі зрабіць перасадку ў маскоўскім аэрапорце Дамадзедава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?