30 траўня актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Шарэнду зь Берасьця выклікалі на размову да сьледчага, меркавана, наконт справы аб вывешваньні ў горадзе банэра са словамі, якія экспэртыза палічыла «цынічнай абразай» Аляксандра Лукашэнкі.

Размова са сьледчым была прызначаная на 10 раніцы. Раней у гэтай справе з разраду сьведак у падазраваныя была пераведзеная жонка актывіста Паліна Шарэнда-Панасюк.

«Магчыма, тое ж будзе і з Андрэем, калі яшчэ не затрымаюць адразу», — мяркуе каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель.

Яўген Афнагель

Яўген Афнагель

У лютым за банэр, вывешаны невядомымі ў Берасьці, спачатку завялі адміністрацыйную справу, але потым перакваліфікавалі яе ў крымінальную.

Днём раней сьледчая Алеся Стрэчань са Сьледчага камітэту ў Менску выклікала на размову каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля. У актывіста была ўзятая падпіска аб невыдаваньні, таму ён адмовіўся паведаміць падрабязнасьці размовы са сьледчай, але трохі пракамэнтаваў сытуацыю:

«Пакуль праходжу як сьведка ў адной справе — нехта кінуў фарбай у будынак БТ, вось з гэтым цяпер разьбіраюцца. Больш сказаць не магу з прычыны падпіскі. Але бачу тут сувязь і з тым, што завялі справу ў Берасьці ды выклікаюць актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» — каго ў якасьці сьведкі, а каго, як Паліну Шарэнда-Панасюк, ужо перавялі ў падазраваныя ў крымінальнай справе. Чамусьці гэта супала. Месяц таму дзяржаўныя мэдыя абвінавачвалі лідэраў «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Саньнікава, Дзьмітрыя Бандарэнку ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту, вось цяпер дайшло да ўмяшаньня Сьледчага камітэту. Мяркую, гэта тлумачыцца тым, што «Эўрапейская Беларусь», Беларускі нацыянальны кангрэс прымалі найбольш сур’ёзны ўдзел ў падзеях гэтай вясны, ў тых пратэставых акцыях, якія прайшлі па краіне зімой і вясной. І відавочна, што ўлада такім чынам спрабуе падрыхтавацца да гарачай восені 2017 году. Бо відаць, што з розных бакоў б’юць менавіта па Беларускім нацыянальным кангрэсе, па «Эўрапейскай Беларусі»».

Зьвестак пра вынікі размовы са сьледчым берасьцейскага актывіста Андрэя Шарэнды пакуль няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?