Міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч паразмаўляў з журналістамі напярэдадні сумеснага пасяджэння абедзвюх палат парламента. Варта адзначыць, што, у адрозненне ад многіх іншых чыноўнікаў, Шуневіч не ўхіляецца ад дыктафонаў і гатовы адказваць на самыя непрыемныя пытанні.

«Дзеянні супрацоўніка міліцыі ў метро былі паслядоўныя, законныя»

Гучны выпадак апошняга часу — затрыманне ў метро хлопца сілавікамі.

«На жаль, апошнім часам здараецца ўсё часцей і часцей, што супрацоўнікі органаў унутраных справаў аказваюцца ў сітуацыі, калі ім аказваюць актыўнае непадпарадкаванне. У дадзеным выпадку гэта быў тыповы варыянт, калі чалавек быў пад уздзеянннем алкагольнага і наркатычнага ап’янення. Хацелася б, каб такія выпадкі здараліся ўсё радзей. Дзеянні супрацоўніка міліцыі былі паслядоўныя, законныя. Ён выканаў задачу — затрымаць гэтага грамадзяніна».

«Адзін меншы джэнтльмен, другі — большы»

Прэс-сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч дазволіў сабе вострую перапалку ў фэйсбуку з блогерам Антонам Матолькам. Ці мае права дзяржслужачы так паводзіцца ў сацыяльных сетках?

«Ніякіх хамскіх і некарэктных заяваў прэс-сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч сабе не дазволіў. Гэта вашы інтэрпрэтацыі. Ён нармальна адказаў, па-людску, нармальнай мовай. Размова двух джэнтльменаў. Адзін меншы джэнтльмен, другі — большы, я маю на ўвазе свайго. Ніякага разбіральніцтва не будзе», — адказаў Ігар Шуневіч.

Галоснасць — гэта свядомая палітыка МУС

Увогуле, апошнім часам вырасла колькасць выпадкаў, дзе супрацоўнікі міліцыі выглядаюць не ў самым прывабным святле.

«Мы не ацэньваем сітуацыю як нешта незвычайнае. Проста змянілі сваё стаўленне да галоснасці. Згадзіцеся, што пра некаторыя выпадкі, якія мы агучваем, яшчэ некалькі гадоў назад не магло быць і гаворкі. Раней ведамства было вельмі закрытае, і смецце з хаты не выносіла. Мы лічым гэта няправільным і кожны такі выпадак апублічваем. Гэта своеасаблівая прафілактыка. Тэндэнцыя на галоснасць і выяўленне такіх выпадкаў — гэта свядомая палітыка Міністэрства ўнутраных справаў. Кожныя выхадныя мы праводзім рэйды па выяўленні парушальнікаў закона і дысцыпліны сярод супрацоўнікаў МУС. Праводзім у выхадныя, бо ў гэтыя дні спакусы больш», — мяркуе міністр.

Крычаўскія міліцыянты парушылі ўнутраную карпаратыўную этыку

Рэзанансны выпадак быў у Крычаве, калі адчайныя мясцовыя міліцыянты звярнуліся ў незалежныя СМІ, у выніку чаго былі звольненыя з працы.

«Яны парушылі ўнутраныя інструкцыі МУС, унутраную карпаратыўную этыку. Такія супрацоўнікі не будуць працаваць у міліцыі. Я маю на ўвазе не толькі крычаўскіх міліцыянераў», — адказаў Шуневіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?