Яшчэ ў снежні летась пачалася вялікая рэформа Адміністрацыі прэзідэнта. Колькасць работнікаў гэтай структуры павінна быць скарочаная на 30%.

Віктар Лукашэнка. Фота Сяргея Гудзіліна.

Віктар Лукашэнка. Фота Сяргея Гудзіліна.

Была ліквідаваная пасада аднаго з намеснікаў кіраўніка Адміністрацыі. Пад скарачэнне трапіў ідэолаг Ігар Бузоўскі. А яго функцыі перакачавалі да прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, а таксама першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Максіма Рыжанкова.

Таксама карэннай рэформе падвергнуўся інстытут памочнікаў кіраўніка дзяржавы. Да 2017 года ў Лукашэнкі існаваў цэлы шэраг памочнікаў, якія адказвалі за самыя розныя сферы: эканоміку, спорт, міжнародную палітыку, ідэалогію, бяспеку.

Цягам апошняга года большасць з іх змянілі месцы працы: памочнік па ідэалогіі Усевалад Янчэўскі ўзначаліў Парк высокіх тэхналогій, памочнік па спорце Максім Рыжанкоў пайшоў на павышэнне ў Адміністрацыю прэзідэнта, памочнікі па эканоміцы і міжнароднай палітыцы Кірыла Руды і Валерый Брылёў адпраўленыя пасламі ў Кітай і Сербію адпаведна.

Можна сказаць, што пасля гэтага дадзеныя пасады проста скасоўваліся. Яшчэ памочнікам з’яўляўся Мікалай Корбут, чалавек, які капае ў кампаніі з Лукашэнкам бульбу. Корбут захаваў сваю пасаду і ў новым наборы памочнікаў. Цяпер ягоная пасада гучыць як «памочнік па агульных пытаннях». Раней ён узначальваў канцылярыю прэзідэнта.

Цяпер зірнем на ўказ Лукашэнкі ад 13 лютага «Аб аптымізацыі Адміністрацыі прэзідэнта». У ёй ясна прапісаная структура Адміністрацыі. Пакінем убаку памочнікаў прэзідэнта па Мінску і абласцях, гэтыя адзінкі абсалютна ніяк не змяніліся ў параўнанні з мінуламі ўказамі.

Калі ва ўказе ад 6 чэрвеня 2013 «Аб некаторых пытаннях дзейнасці Адміністрацыі прэзідэнта» не была прапісаная колькасць памочнікаў прэзідэнта, то ў новым дакуменце яна дакладна рэгламентуецца. Цяпер у Лукашэнкі будзе трое памочнікаў. Імёны двух мы ўжо ведаем — гэта Мікалай Корбут і нядаўні прызначэнец Аляксандр Косінец.

Найбліжэйшым часам мусіць яшчэ з’явіцца памочнік адказны за пытанні развіцця фінансава-крэдытнай сістэмы.

У гэты самы час звяртае на сябе ўвагу, што пасады не быў пазбаўлены яшчэ адзін з памочнікаў Лукашэнкі — па нацыянальнай бяспецы. Гэтае крэсла ад 2005 года займае старэйшы сын кіраўніка краіны — Віктар.

Чаму так? Гэта асаблівае стаўленне да сваяка? Не зусім так. Справа ў тым, што пасада памочніка па нацыянальнай бяспецы ўваходзіць у структуру не Адміністрацыі прэзідэнта, а Рады бяспекі.

Гэта павялося яшчэ з часоў Віктара Шэймана, гэта значыць з сярэдзіны 1990-х. Ягоная пасада нават так і гучала «Дзяржаўны сакратар Рады бяспекі — памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы». Пасля звальнення Шэймана тое самае вызначэнне перакачавала спачатку да Урала Латыпава, а пасля — да Генадзя Нявыгласа.

І толькі ў 2005 годзе было вырашана падзяліць гэтыя працы паміж дзвюма асобамі. Атрымліваецца, што Віктар Лукашэнка — гэта першы поўнафарматны памочнік па нацыянальнай бяспецы без прывязкі да пасады ў Радзе бяспекі.

Тым не менш гэтую пасаду так і не ўвялі ў падначаленне Адміністацыі прэзідэнта, яна застаецца структурнай адзінкай Рады бяспекі. Менавіта таму Віктара Лукашэнку не закранулі скарачэнні ўнутры Адміністрацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?