А восьмай раніцы ля гімназіі №23. 

А восьмай раніцы ля гімназіі №23. 

«Я не асабліва чакала натоўпу, — кажа Таццяна, якая прыйшла запісаць у чаргу на паступленне дваіх сыноў. — Мне важна было гарантавана патрапіць у першыя шэрагі, каб запісаць дзяцей».

Таццяна родам з Украіны, але яе муж — шчыры беларус. Для бацькоў прынцыпова, каб іх сямёра дзяцей навучаліся ў добрай беларускай гімназіі. З гімназіяй №9, напрыклад, не склалася. Жанчына кажа, што ўсё ж такі гэта не тое — сапраўднага беларускага духу няма. А вось у гімназіі №23, на думку бацькоў, — дух ёсць.

«Па-першае, гімназія сапраўды беларускамоўная. І на ўроках, і на перапынках тут размаўляюць па-беларуску. Па-другое, дзецям прышчэпліваюць любоў да радзімы, да мовы, культуры. Па-трэцяе, тут шмат творчых бацькоў, якія славяць нашу краіну», — тлумачыць жанчына.

Старэйшыя дзеці Таццяны ўжо скончылі школу. Двое вучацца ў другім і трэцім класе гімназіі №23. Жыве сям’я ў Калодзішчах, што пад Мінскам.

«Наша старэйшая хадзіла ў асіповіцкую беларускую гімназію. З таго часу ў нас і з’явілася такая любоў да адукацыі на беларускай мове. Дзіця зусім іншае, адрозніваецца ад астатніх. Свабоднае, камунікабельнае, разняволенае, мае любоў да радзімы», — тлумачыць шматдзетная маці.

Апоўначы пад школу пад’ехала на ровары Іна, якая аддае ў першы клас малодшага сына. Яе старэйшы вучыцца ў сёмым класе гімназіі, школа яму вельмі падабаецца, таму ў жанчыны хапіла матывацыі для таго, каб ахвяраваць ноччу сну.

«Я бясконца задаволеная гэтай гімназіяй. У мяне старэйшы малюе, быў варыянт пасля чацвёртага класа паступаць у школу з мастацкім ухілам. Я ведала, што калі ён не паступіць, назад мы не трапім. І я не стала рызыкаваць. Малодшы сказаў, што пойдзе толькі сюды, — распавядае Іна. — У нас у сям’і толькі дзядуля размаўляе па-беларуску. Сын сам пайшоў у бібліятэку па беларускія кнігі. Ён лічыць, што яму гэта патрэбна, і ён гэта робіць».

Іна кажа, што яна цалкам спакойная, калі дзіця ў гімназіі. Маці не сумняецца, што сына тут ніхто не пакрыўдзіць. Падкупае і тое, што дырэктарка ведае дзяцей па імёнах.

«Нават калі дзеці сваволяць і бузацёраць, гэта заканчваецца па-добраму. Настаўнікі заўсёды могуць дамовіцца з дзецьмі, — тлумачыць Іна.

— Гэта адно з тых месцаў, дзе любіць сваю мову. Калі дзеці з гімназіі кантактуюць з іншымі дзецьмі, тыя разумеюць, што існуе іншае жыццё, дзе можна размаўляць на мове, і ўсё ў парадку. Дзеці з гэтай гімназіі маюць пачуццё ўласнага гонару. Вельмі крыўдна, што беларусы не асабліва ведаюць гісторыю сваёй краіны. Не разумеюць, што яна нічым не горшая за гісторыю суседніх краін, а то і лепшая, багацейшая, слаўная. Гімназія — адно з тых месцаў, дзе гэта пытанне ўздымаецца, вось таму я тут усю ноч».

Пасля сямі гадзін раніцы да жанчын далучыўся Іван Вернікоўскі.

«Я збіраўся прыехаць крыху раней, але так атрымалася, што спазніўся на аўтобус. Думаў, ужо і не варта ісці. Але вырашыў зрабіць тое, што маю зрабіць, а там ужо як будзе, так будзе, — распавядае пра свае ранішнія прыгоды Іван. — Для мяне не настолькі важна, каб дзіця трапіла менавіта ў гімназію №23. Для мяне галоўнае, каб школа была беларускамоўнай».

Бацька аддае ў першы клас малодшую дачку. Старэйшая ўжо скончыла рускамоўную гімназію №30, сярэдняя ідзе ў 11 клас гэтай жа школы.

«Камусьці калісьці трэба пачынаць. Ну вось, будзем пачынаць», — дадае бацька.

Бліжэй да васьмі гадзін раніцы да сціплай кампаніі бацькоў далучылася Наталля Рэшатняк, што адпраўляе ў школу дачку Марыю. З Наталляй мы размаўлялі яшчэ напрыканцы красавіка, на бацькоўскім сходзе ў гімназіі для бацькоў будучых першакласнікаў. Наталля сама калісьці вучылася ў гэтай школе, таму сюды прывяла і сваё дзіця.

У Наталлі пазіцыя больш выгадная, таму яна і не ночыла пад дзвярыма гімназіі. На сходзе зазначалі, што для 15 дзяцей, што хадзілі ў падрыхтоўчы клас «Маладзічок» і паказалі добрыя веды на выніковых тэстах, месцы забраніруюць. Дачка Наталлі паказала трэці вынік, таму можна лічыць, што яна ўжо ў гімназіі. Тым не менш жанчына вырашыла не рызыкаваць і на ўсялякі выпадак запісацца ў першы ж дзень прыёму дакументаў.

Чаму сёлета няма такога ажыятажу, як у папярэднія гады, бацькам незразумела. Дырэктарка гімназіі Ірына Пасюкевіч, з якой мы размаўлялі на адным з папярэдніх бацьковых сходаў, адзначала, што ахвотных патрапіць у гімназію становіцца ўсё больш. Прычым як з беларускамоўных, так і з рускамоўных сем’яў. Тое ж вынікала і з размоў з бацькамі. Многія былі вельмі незадаволеныя тым, што набор вельмі малы, усяго 50 месцаў.

Што праўда, адміністрацыя гімназіі прасіла бацькоў не займаць чаргу пад школай з вечара і не ўтвараць натоўп. Тым больш, сёлета можна запісацца па тэлефоне.

Настрой бацькоў змяніўся: цяпер трапіць у беларускамоўную гімназію хочуць усе

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?