Фота Яўгенія Ерчака

Фота Яўгенія Ерчака

Беларусі трэба палепшыць свой імідж за мяжой, каб замежныя інвестары не дзівіліся ўбачанаму, калі прылятаюць першы раз у краіну. Пра гэта заявіў павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт Райлі, выступаючы на канферэнцыі аб эканамічнай бяспецы ў рамках ініцыятывы «Мінскі дыялог».

Павераны распавёў, што нядаўна сустракаўся з кіраўніком мінскага аэрапорта.

— Я сказаў яму, што для тых замежнікаў, хто ніколі не бываў у Беларусі, аэрапорт — першае ўражанне аб краіне. І гэта добрае ўражанне, новы прыемны аэрапорт, добрыя аэрапорты вельмі зручныя. Многія людзі здзіўлены.

Яны яшчэ больш дзівяцца, працягнуў Райлі, калі трапляюць у Мінск.

— І гэта добра. Усе любяць прыемныя сюрпрызы, я люблю прыемныя сюрпрызы. Але чаму людзі здзіўлены? Бо яны прыехалі сюды з пэўным уяўленнем [пра Беларусь]. І яно не вельмі пазітыўнае. Добра быць адкрытымі для бізнэсу, але, як і рэстарану трэба рабіць нешта яшчэ, каб прыцягнуць кліентаў, краіны павінны працаваць, каб прыцягнуць інвестараў. Гэта не задача амерыканскіх, нямецкіх ці еўрапейскіх уладаў — прывесці інвестараў у Беларусь. Гэта так не працуе.

Па словах амерыканскага дыпламата, у Беларусі патрэбныя змены, бо доўгатэрміновыя інвестары чакаюць ад любой краіны добра працуючых інстытутаў, вяршэнства права, незалежных судоў.

— Гэта тое, што абараняе іх інвестыцыі. Я абмяркоўваю гэтую тэму ў Беларусі з усімі, кім магу: з міністрамі эканомікі, замежных спраў, фінансаў, міністрам унутраных спраў. Усё гэта разумеюць. Пытанне, што рабіць, можа выклікаць спрэчкі, але ўсе разумеюць, што патрэбныя змены. Мэтай гэтай працы павінна быць тое, каб людзі, якія прылятаюць у мінскі аэрапорт у першы раз, бачылі якраз тое, чаго чакалі.

Райлі перакананы, што гэта ўмацуе як эканамічную бяспеку, так і незалежнасць Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?