Напэўна, за гады выпрабаванняў вы і самі навучыліся выкручвацца з сітуацыі, але ўсё ж прапануем некалькі спосабаў, якія дапамогуць мінімазаваць дыскамфорт на працягу гэтых дзён.

Спосаб № 1: дзедаўскі

Грэць ваду ў рондалях і потым разводзіць яе ў тазіках, каб памыцца або пагаліцца — самая масавая забава на гэты перыяд. Не зусім зручна, але вельмі дысцыплінуе: па-першае, ваду ашчаджаеш як ніколі, па-другое, прачынаешся раней, каб паспець скончыць з гігіенай да выхаду з дому. Галоўнае ў гэтай справе мець у распараджэнні як мага больш аб'ёмную тару.

Спосаб № 2: сяброўскі

Народная мудрасць сцвярджае, што добры сябар пазнаецца з адключэннем гарачай вады. Уважліва вывучыце графік розных раёнаў, і калі вы мінчук з Акадэміі навук ці Плошчы Незалежнасці, самы час наведаць сяброў з Каменнай горкі (не будзьце нахабным і захапіце з сабой уласны ручнік і гель для душа). Улічвайце таксама, што хутка яны прыйдуць да вас у звароткі.

Спосаб № 3: грамадскі

Калі вы апошні раз былі ў лазні? Нагадайце сабе забытыя адчуванні лёгкай пары і ўдараў бярозавым венікам. Вы ж разумееце, што галоўны фанат лазні Лукашын з фільма «Іронія лёсу» любіў яе не толькі за магчымасць памыцца, але і за атмасферу. У Мінску дзве гадзіны задавальнення ў грамадскіх месцах каштуюць у сярэднім 8 рублёў, гадзіна ў саўнах — ад 20 рублёў. У абласных і раённых цэнтрах паслуга больш даступная.

Дарэчы, калі вам пашанцавала мець душ на працы, не саромейцеся і карыстайцеся ў любы момант на здароўе. Калегі ўсё зразумеюць.

Спосаб № 4: бойлеры ў арэнду

Профільныя кампаніі і прадпрымальнікі прапануюць розныя віды воданагравальнікаў у арэнду. Пры карыстанні паслугамі цягам 12 дзён і больш ёсць варыянты ад 6 рублёў за суткі арэнды. Калі гаворка ідзе пра вялікія бойлеры, то тут кошты наступныя: 16-20 рублёў за суткі, залежыць ад памераў.

Увогуле ж, калі ў вас ёсць грошы, з разлікам на будучыню лепш адразу набыць сабе воданагравальнік і больш ніколі з гэтай нагоды не парыцца. І калі бойлер займае шмат месца, то праточныя электрычныя краны-воданагравальнікі выглядаюць як звычайныя змешвальнікі, якія, дзякуючы ўбудаванаму ў корпус награвальнаму элементу, здольныя ператвараць халодную ваду ў тую, якая нам зараз і трэба.

Cпосаб № 5: спартыўны

Лета тут як тут, а пахудзець так і не атрымалася? Набывай абанемент у спартыўную залу ці басейн. Наладзіць адносіны са спортам знянацку, можа, і не выйдзе, а вось памыцца — дакладна. З мінусаў — даволі высокія кошты. Менавіта па апошняй прычыне многія беларусы лічаць за лепшае ніяк не рэагаваць на адсутнасць гарачай вады і мыцца халоднай, паралельна такім чынам гартуючыся. Але нельга раптам узяць і ўпершыню ў жыцці стаць пад ледзяны душ: да гэтага ідуць і рыхтуюцца паступова.

Спосаб № 6: касметычны

Калі ўсё з вышэй пералічанага не падыходзіць, а галава ўжо свярбіць — на хуткую дапамогу можа прыйсці касметыка: сухі шампунь асвяжыць валасы і надасць ім дагледжаны выгляд. Выцягнуць бруд з пор пад сілу спецыяльнай тэрмальнай вадзе. Акрамя таго, добрымі сродкамі ў падтрыманні гігіены будуць вільготныя сурвэткі.

Спосаб № 7: хітры

Пральная машына прызвычаілася займацца адзеннем і бялізнай, але чаму б ёй не дапамагчы і вам? Абіраеце самы хуткі рэжым з кіпячэннем, але не закідваеце бялізну і парашок. Чакаеце, пакуль машынка набярэ ваду, нагрэе яе, зымітуе мыццё і пачне зліваць. Шланг накіроўваеце ў ванну ці іншую ёмістасць — і вуаля, можна мыцца.

Спосаб № 8: радыкальны

Кінуць усё і з’ехаць у адпачынак за мяжу ці на лецішча — чаму б і не? У цёплых краінах прымаць ванну можна наўпрост у моры, а калі вернецеся — ужо і дома гарачую ваду ўключаць, і праблемы як не было зусім.

Чытайце таксама: Апублікаваны графік адключэння гарачай вады ў Мінску ў чэрвені

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?