03.06.2017 / 20:46

На «Бургер Кінг» склалі пратакол за адказ не па-беларуску. Без Случака не абышлося 139

Калі б касірка «Бургер Кінга» ведала слова «гарбата», а менеджарка — што не трэба расказваць кліенту пра сваё права не ведаць беларускую мову, прэцэдэнту не было б. Але ён здарыўся.

Ілюстрацыйны здымак. Фота Станіслава Васільева, q3d.livejournal.com

«Я зайшоў у «Бургер Кінг» набыць гарбату. Як звычайна, вітаюся і кажу: «Чорную гарбату без цукру, калі ласка». Касірка адказвае: «Я не разумею». І стаіць, нічога не робіць, — распавядае мінчук Анатоль Новікаў. — Раней мне ў «Макдональдсе» падказалі, што ў такім выпадку трэба раіць прадавачцы запытацца пераклад у менеджара. Вось я ёй і параіў. Праўда, менеджарка, якая якраз стаяла побач, адказала, што яны не павінны разумець беларускую мову. Тады я пераклаў замову, сказаў, што «гарбата» — гэта «чай», і папрасіў кнігу заўваг і прапаноў. Сеў за столік, напісаў, што мяне не разумеюць па-беларуску, параіў арганізаваць карпаратыўныя курсы мовы, прапанаваў дапамогу ў складанні мінімальнага слоўніка для касірак».

Праз некаторы час маладому чалавеку прыйшоў адказ, праўда, абы-які. Не на афіцыйным бланку, на рускай мове ды без подпісу, што выклікала пытанні.

Анатоль пракансультаваўся са знаным абаронцам беларускай мовы Ігарам Случакам і напісаў пра парушэнні ў Міністэрства юстыцыі і адміністрацыю Цэнтральнага раёна, дзе месціцца рэстарацыя.

«Я хацеў паведаміць «Бургер Кінгу», што ў іх адказе ёсць парушэнні, але на самім бланку не было ніякіх кантактаў», — дадае Анатоль.

Міністэрства юстыцыі ў адказе мінчуку тлумачыла, што паводле зацверджанай інструкцыі па справаводстве ў арганізацыях бланкі мусяць быць на дзвюх мовах — беларускай і рускай. Міністэрства таксама адзначала, што ёсць памылкі ў афармленні даты і рэгістрацыйнага нумара, рэквізіту «подпіс». І што ў адпаведнасці з артыкулам 18 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты даюць на мове звароту.

Днямі мінчук атрымаў адказ і з адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, дзе гаворыцца, што «ў дачыненні Бойкі Г.В., кіраўніка рэстарана «Бургер Кінг» ТАА «Воглія Матта», складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па артыкуле 9.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Матэрыялы па ўказаным правапарушэнні накіраваны ў суд Цэнтральнага раёна Мінска».

І вось што цікава: шырокай грамадскасці раней не былі вядомыя выпадкі, калі да адказнасці за адказ не на мове звароту прыцягвалі менавіта па артыкуле 9.22 КаАП — «Парушэнне заканадаўства аб мовах».

У 2013 годзе Глебу Лабадзенку ўдалося прыцягнуць да адказнасці дырэктара ЖЭСа па той жа прычыне, але па артыкуле 9.13 — «Парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». Пазней гэты артыкул канкрэтызавалі і распісалі, што менавіта з’яўляецца парушэннем: «адмова ў прыёме звароту», «парушэнне ўстаноўленых тэрмінаў разгляду звароту», «неінфармаванне заяўніка аб рашэнні, прынятым па выніках разгляду звароту» і іншыя выпадкі. Сярод іх чамусьці не аказалася «адказу не на мове звароту».

«У артыкуле 18 Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» ёсць патрабаванне даваць адказ на пісьмовы зварот на мове звароту. Аднак яно ніяк не падмацавана, няма санкцый за парушэнне гэтай нормы, — тлумачыць Ігар Случак. — І я даўно ставіў пытанне, каб пашырана трактаваць артыкул 9.22».

Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне за публічную знявагу, ганьбаванне дзяржаўных і іншых нацыянальных моў, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі і распальванне варожасці на моўнай глебе.

«Насамрэч раней праз гэты артыкул я не спрабаваў нікога прыцягваць да адказнасці за адказ не на мове звароту. Мне здавалася, што не атрымаецца так пашырана трактаваць гэтую норму, аднак я вырашыў усё ж такі прапанаваць спадару Новікаву паспрабаваць і скласці заяву аб прыцягненні па двух артыкулах: 9.13 і 9.22. Па першым якраз-такі можна было прыцягваць без пытанняў. А вось па другім — праз пашыраную трактоўку стварэння перашкод у карыстанні дзяржаўнай мовай. Бо адказ не на мове звароту ўсё ж такі з’яўляецца перашкодай, — кажа Ігар Случак.

— Паглядзім, што атрымаецца, бо могуць выйсці тэрміны прыцягнення да адказнасці. Але тое, што пратакол складзены — ужо добры прыклад для іншых для складання пратаколаў».

Настасся Роўда

15
Віктар Малочка / Адказаць
03.06.2017 / 20:53
Ведаеце,што хацеў Вам усім сказаць: на раёнах такіх прыкладаў дзесяткі...але,калі казаць аб Салігорску-мы робім гэтую справу самі па сабе,нікому гэта не цікава і ,больш затое,думаю,што камусьці мы перабіваем іхняе "змаганне" за мову? Рэд. Калі ласка, паведамляйце ў "Нашу Ніву" пра ўсе такія выпадкі.
33
Маша / Адказаць
03.06.2017 / 21:05
Все правильно.
287
1 / Адказаць
03.06.2017 / 21:06
Бред. Лишь бы доколупаться. Такими темпами люди скоро начнут ненавидеть мову. Только хуже делаете. Не может нормально развиваться язык, который ассоциируется с такими вот людьми
Паказаць усе каментары/ 139 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру