Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі зьвярнуўся зь лістом да Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Рэспублікі Баўгарыя ў Менску Петко Ганчева. Прычынай звароту да амбасадара стала непрыемная сытуацыя, якая склалася пасьля непрадуманай публічнай заявы ўласьніка футбольнага клюбу «Леўскі» сп. Тодора Баткова напярэдадні матчу гэтай каманды зь беларускім футбольным клюбам БАТЭ.

«У інтэрвію агенцтву «Стандарт-News» сп. Батков дазволіў сабе абразьлівае выказваньне ў адрас беларускага народу», - піша ў лісьце Лявон Баршчэўскі. - Апошняе выказваньне стала шырока вядомым беларускай грамадзкасьці і выклікала як мінімум неўразуменьне. Абодва нашыя эўрапейскія народы маюць больш як тысячагадовую няпростую гісторыю станаўленьня і аднаўленьня дзяржаўнасьці, барацьбы за сваю нацыянальную ідэнтычнасьць, за каштоўнасьці свабоды й дэмакратыі, узаемаўзбагачальных кантактаў у галіне хрысьціянскай традыцыі, культуры. Беларусы і баўгары ня маюць узаемных упярэджаньняў і сымпатызуюць адны адным. Гэта наш супольны гістарычны набытак, які трэба зьберагаць – у тым ліку і дзеля нашай эўрапейскай салідарнасьці.

Каб ня ставіць пад пагрозу традыцыйныя ўзаемныя сяброўскія пачуцьці нашых народаў,

прашу Вас, вельмішаноўны спадар Амбасадар, выкарыстаць Ваш уплыў і Ваша веданьне Беларусі для таго, каб аўтар недарэчнага выказваньня прынёс публічныя прабачэньні перад прыездам ФК «Леўскі” ў Беларусь.
Спартовае сьвята не павінна быць азмрочана ніякім ценем».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?