Галандцы Альфонс і Адры Кеніс аднавілі выгляд Эцы.

Галандцы Альфонс і Адры Кеніс аднавілі выгляд Эцы.

Высока ў гарах, у бязлюднай мясцовасці Эцтальскіх Альпаў на поўначы Італіі, 5300 гадоў таму стрэлам у спіну быў забіты Эцы.

Страла трапіла ў артэрыю, і ён, імаверна, памёр ад страты крыві цягам лічаных хвілін.

Цела Эцы замерзла ў лёдзе, і ён стаў адной і найстарэйшых і найлепш захаваных мумій на Зямлі. Мумію менавіта таму і назвалі Эцы Айсманам — бо яна была знойдзеная ў лёдзе Эцтальскіх Альпаў.

Выявілі Эцы ў 1991 годзе, праз 10 гадоў навукоўцы знайшлі ў яго плячы крэмневы наканечнік стралы.

А некалькі месяцаў таму следчыя пад кіраўніцтвам высокапастаўленага паліцэйскага дэтэктыва вырашылі заняцца пытаннем аб тым, як менавіта быў застрэлены Эцы, паведамляе ВВС.

Ці было гэта забойства? І хто менавіта мог быць зламыснікам?

Анжаліка Флекінгер, дырэктар Паўднёватырольскага музея археалогіі, у якім цела Эцы выстаўлена, звярнулася да прафесіяналаў. Адгукнуўся старшы інспектар-дэтэктыў паліцыі Мюнхена Аляксандэр Хорн, які ўзначальвае таксама групу паводніцкага аналізу ў паліцыі Баварыі.

Ён прызнае, што спачатку запыт увёў яго ў ступар.

«Смешная была сітуацыя: дырэктар спытала мяне, ці працую я з «халоднымі справамі». І я адказаў: так, працую», — кажа інспектар Хорн.

«Халодныя справы» — гэта «вісякі» на паліцэйскім жаргоне, старыя нераскрытыя злачынствы.

Гэтая справа, аднак, здавалася халаднейшай за іншыя.

«Звычайна «халоднай справе» гадоў 20 ці 30, — тлумачыць паліцэйскі. — А тут мне далі справу, якой 5300 гадоў».

Спачатку інспектар Хорн лічыў, што наўрад ці зможа быць карысным.

«Я думаў, што цела будзе ў дрэнным стане, — кажа ён. - Але вельмі хутка я даведаўся, што стан проста ідэальны. Яго стан нават лепшы, чым у многіх трупаў, з якімі я працую звычайна».

Апроч наведвання месца злачынства высока ў Альпах, інспектар азнаёміўся з маштабнымі даследаваннямі, аб'ектам якіх Эцы быў за апошнія 25 гадоў, у прыватнасці, з падрабязным аналізам змесціва яго страўніка і траўмаў, выяўленых на яго целе.

Гэтыя звесткі сталі ключавымі для версій, якія высунуў інспектар Хорн.

«Гэта вельмі падобна да забойства», — кажа ён.

Імаверная засада

Падобна на тое, забойца заспеў Эцы знянацку.

«Эцы, верагодна, быў застрэлены з прыстойнай дыстанцыі — каля 30 метраў, - то бок, гэта не кантактнае забойства, а забойства на адлегласці», — кажа інспектар.

І дадае: імаверна, перад тым, як у Эцы стралялі, ён расслабляўся на ледавіку. Яго ўласны лук не быў у баявой гатоўнасці.

Цела Эцы было знойдзена ў 1991 годзе на ледавіку ў італьянскіх Альпах.

Цела Эцы было знойдзена ў 1991 годзе на ледавіку ў італьянскіх Альпах.

Навукоўцам удалося выявіць, з чаго была зроблена яго адзенне і што ён еў перад смерцю. 

Навукоўцам удалося выявіць, з чаго была зроблена яго адзенне і што ён еў перад смерцю. 

«Прыкладна за паўгадзіны да смерці ён адпачываў. Перад гэтым ён вельмі добра паабедаў, і не падобна, каб ён кудысьці спяшаўся або бег ад чаго-небудзь», — тлумачыць паліцэйскі.

Яшчэ адзін важны доказ адкрыўся пры вывучэнні траўмы на правай руцэ Эцы: гэтую рану ён атрымаў за дзень ці два да смерці — імаверна, падчас бойкі.

«Гэтую траўму можна ахарактарызаваць як класічнае раненне, атрыманае ў працэсе актыўнай абароны, — кажа інспектар Хорн. — Такое бывае, калі нехта пагражае табе нажом і наносіць удар, і ты хапаешся за нож, каб адвесці яго ад сябе».

У Эцы не знайшлі іншых абарончых траўмаў, таму Хорн вырашыў, што ён перамог у той бойцы, якая, мусіць, адбылася ўнізе, у даліне.

«Мы думаем, што забойства на ледавіку — гэта, магчыма, працяг сутычкі, якая адбылася дня за паўтара да гэтага», — працягвае ён.

Разумеючы, што ў яго няшмат шанцаў перамагчы ў рукапашнай, забойца Эцы, верагодна, непрыкметна падкраўся да свайго крыўдзіцеля і застрэліў яго.

Гэты ледавік, па словах Хорна, вельмі глухое месца. Яно не з тых, дзе можна было выпадкова трапіць на іншага чалавека.

Але хто ж забойца, і якія яго матывы?

«Забойства сышло яму з рук»

Інспектар Хорн кажа, што забойца не ўзяў у Эцы ні сякеры з медным лязом, ні іншых каштоўнасцяў, так што наўрад ці гэта было злачынства з мэтай атрымання матэрыяльнай выгады.

Ён мяркуе, што прычынай маглі стаць «моцныя эмоцыі асабістага парадку».

«Ці была там замяшаная нянавісць, ці была замяшаная рэўнасць, ці была гэта помста, мы не можам сказаць».

Анжаліка Флекінгер з музея археалогіі кажа, што неймаверна радая таму, наколькі прасунулася расследаванне загадкавай гібелі Эцы.

Але інспектар Хорн па-ранейшаму не задаволены.

«Я не думаю, што існуе высокі шанец раскрыцця гэтай справы», — кажа ён.

«Гэтае забойства засталося беспакараным, а мне як чалавеку, які вядзе следства, гэта не падабаецца, — усміхаецца ён. — Не падабаецца тое, што на нас павісла нераскрытае забойства».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0