Навука і тэхналогіі3434

«Калі я ўбачыў такую вакансію, у мяне загарэліся вочы». Праграміст пайшоў на эксперымент і стварыў беларускамоўную кампанію

Паўтара года таму выпускнік фізфака БДУ Андрэй Камароў, папрацаваўшы некаторы час у навуковых інстытутах і лабараторыях, кінуў выклік самому сабе і распачаў уласную справу. Так з’явілася кампанія «Тэрасофт», якая цікава не толькі незвычайным профілем (калектыў займаецца распрацоўкай і тэставаннем праграм для аптычнай мікраскапіі), але і тым, што ўся камунікацыя ў фірме адбываецца на мове.

Андрэй Камароў.

Светлы двухпавярховік тэрасофтаўцаў стаіць амаль на беразе Сляпянскага канала. Каманда перасялілася ў новае жытло ў кастрычніку і таму яшчэ не да канца абжылася, але галоўныя ўмовы для працы тут ёсць: камп’ютары, мікраскопы, абсталяваная кухня ды невялікая спартыўная зала з кікерам, каб расслабіцца.

На ўваходзе нас сустракае прыпаркаваны ровар з наклейкай «Пагоні» ды дырэктар Андрэй Камароў. «Мы тут, можна сказаць, стварылі паралельны сусвет», — жартуе ён. І ў яго словах ёсць нейкі сэнс: здавалася б, што дзіўнага ў беларускамоўнай канторы? Але ў сённяшняй рэальнасці гэта, на жаль, рэдкасць.

«Гэта сапраўды быў для мяне эксперымент: паспрабаваць весці дакументацыю і камунікацыю на мове. І я паспрабаваў. А цяпер атрымліваю задавальненне ад таго, што адбываецца. Дзіўна, канечне, казаць пра гэта ў такім кантэксце, бачыць, як адны не ведаюць мовы, а іншыя ўвогуле грэбліва да яе ставяцца, бо мы ж — беларусы, і гэта ўсё натуральныя рэчы…», — расказвае Андрэй.

Пры гэтым сам ён гадаваўся рускамоўнай сям’ёй, хадзіў у такія ж школу і ўніверсітэт.

Асаблівых цяжкасцяў з перакладам дакументаў не адчулі: у кампаніі пакуль працуе 13 чалавек (5 распрацоўшчыкаў і 8 тэставальнікаў), таму абарот невялікі. Самым складаным было знайсці такіх жа ідэйных людзей, якія б не толькі ведалі мову, але і былі прафесіяналамі. Андрэй рабіў гэта з дапамогай прыватных каналаў і проста даўшы аб’явы на папулярныя пошукавікі працы. Ён, відаць, нават не чакаў, што набярэ каманду так хутка. А людзі, якія прыйдуць да яго, будуць удзячныя за тое, што ён даў ім магчымасць сябе не ламаць.

Вось толькі некалькі гісторый.

«У іншай кампаніі мяне папрасілі размаўляць «нормально», калі я адказаў па-беларуску»

Уладзіслаў Гедвіла.

Уладзіслаў Гедвіла прыйшоў у «Тэрасофт» адным з першых: «Я змяняў працу і паралельна з вакансіяй праграміста ў «Тэрасофт» разглядаў яшчэ адну. Але калі адказваў прадстаўніку альтэрнатыўнай кампаніі па-беларуску, мяне паслухалі, а ў канцы гутаркі спыталі, ці магу я «говорить нормально». Пасля гэтага мой выбар быў відавочны».

Уладзіслаў родам з Салігорску. Размаўляць па-беларуску пачаў гадоў у 20: проста разгарнуў нейкую кніжку і зразумеў, што чытае на беларускай у разы марудней, чым на рускай. «Мяне гэта вельмі ўзрушыла, і я захацеў выправіць сітуацыю: пачаў удасканальваць веды, чытаў кніжкі, беларускамоўныя выданні, разбіраў правапіс. Ну і размаўляў кожны дзень, каб практыкавацца».

Зараз ён пераходзіць на рускую, толькі калі сутыкаецца з суразмоўнікамі, для якіх так больш камфортна. І вельмі цешыцца таму, што на працы такой праблемы няма.

«Асмеліўся цалкам перайсці на мову пасля падзей 2010-2011 гадоў»

Вадзім Шчаглоў.

Вадзім Шчаглоў паходзіць з Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. У вёсцы ён хадзіў у беларускамоўную школу. Тамтэйшыя выкладчыкі хоць і пераходзілі на рускую, як толькі заканчваліся заняткі, але яны ўсё-такі далі хлопцу выдатную базу, якая дапамагла на хімфаку БДУ канспекты з лекцый, што дыктаваліся па-руску, запісваць на мове.

«Ішла вясна 2011 года, у дадатак да падзей тых гадоў я перачытаў кніжку Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», натхніўся і ў нейкі момант зразумеў, што вяртацца да рускай не хачу».

Адпрацоўваючы размеркаванне хімікам, дзе трэба было даследаваць фарбы і палімеры, у вольны час хлопец вывучаў праграмаванне. Праз некаторы час Вадзім убачыў вакансію ў «Тэрасофт», і ў яго адразу загарэліся вочы: «Я нават яшчэ не ведаў сваіх будучых абавязкаў, але ўжо марыў стаць часткай такога калектыву». Улічваючы, што хлопец прыходзіць на працу нават з гіпсам (днямі Вадзім парваў на назе звязкі), можна сказаць, што ён абраў для сябе правільнае, любімае месца.

«Мяне вельмі ўзрушыла магчымасць працаваць у цікавай сферы і пры гэтым заставацца беларускамоўнай»

Крысціна Кімаева.

Калі б не муж, які заўважыў ў Крысціне Кімаевай здольнасці да тэставання, яна, можа, і да гэтага часу працавала б у школе. Дзяўчына скончыла лінгвістычны ўніверсітэт і менавіта там пачала размаўляць па-беларуску: «Так супала, што дзяўчаты, з якімі я жыла ў студэнцкім інтэрнаце, былі вельмі ідэйныя. На нейкім этапе мы вырашылі размаўляць на мове ў межах свайго пакойчыка, потым гэтым зацікавілася яшчэ больш людзей — так яно ўсё і закруцілася». Да гэтага адзінымі, хто мог падтрымліваць з ёй гутарку, былі бацькі: «праўда, у іх быў свой, вясковы і душэўны варыянт мовы».

У каледжы сферы абслугоўвання, дзе яна выкладала англійскую цягам размеркавання, такога асяроддзя, як у ВНУ, не было. Школа толькі ціснула сваімі абавязкамі па навязванні ідэалогіі і масавых мерапрыемстваў. Паралельна па парадзе мужа яна запісалася на курсы тэставальнікаў. І калі прыйшоў час абіраць новую працу, таксама ўбачыла вакансію ў «Тэрасофт» і больш ужо не хацела шукаць іншыя варыянты: «Калі б давялося рабіць у іншым месцы, мне б прыйшлося або падстроіцца пад калектыў і перайсці на рускую мову, або прынцыпова быць сабой, разумеючы, што гэта будзе тармазіць працу. Таму мяне вельмі ўзрушыла магчымасць быць часткай цікавай сферы і пры гэтым заставацца беларускамоўным чалавекам».

Кожны, хто працуе тут, адзначае, што, дзякуючы таму, што тут сабраліся не проста тыя, каго аб’ядноўваюць прафесійныя скілы, але і людзі з падобным светапоглядам, агульнымі каштоўнасцямі, у калектыва ёсць дадатковы складнік, які яго яднае. І гэта робіць кампанію у разы мацнейшай.

Цікава, што сюды прыходзяць і тыя, хто на мове раней не размаўляў. Менавіта ў кампаніі яны да гэтага прыходзяць, падцягваючы моўную практыку, адкрываючы для сябе новую айчынную музыку, незалежныя сродкі масавай інфармацыі і гэтак далей.

У будучыні «Тэрасофт» збіраецца толькі пашырацца. Напрыклад, ужо зараз тут з’явіліся некалькі новых вакансій. Так што, відавочна, што эксперымент атрымаўся.

 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары34

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Азаронкі 1930-х: як склаўся іх лёс14

Азаронкі 1930-х: як склаўся іх лёс

Усе навіны →
Усе навіны

ПВК «Вагнер» пакідае Малі3

Том Круз трапіў у Кнігу рэкордаў Гінэса за трук у апошнім фільме «Місія невыканальная»

Вынаходніцтва ў Беларусі скацілася да шматгадовага мінімуму2

У Азербайджане суддзя спрабаваў згвалціць асла і памёр — новы фэйк4

Міністр інфармацыі Маркаў хоча пастрожыць рэгуляванне рэкламы3

У Акадэміі навук прыдумалі малочную гарэлку5

Беларус запусціў дабрачынны флэшмоб у падтрымку дзяўчынкі з Беластока1

«Я наведаў самую ізаляваную краіну Еўропы». Амерыканскі блогер расказаў, як прыязджаў у Беларусь у 2020-м і 2024-м5

Дачка Пуціна жыве ў Парыжы і працуе ў галерэі, дзе выстаўляюць антываеннае мастацтва12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Азаронкі 1930-х: як склаўся іх лёс14

Азаронкі 1930-х: як склаўся іх лёс

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць