Чытач «Нашай Нівы» даслаў у рэдакцыю фота, зробленае ў музеі Бягомля.
На ім дзіўная мапа з «адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам Белоруссіі», дзе межы не адпавядаюць дэклараванаму стагоддзю, а таксама этапы «ўз'яднання з Расіяй» — за іх выдаюцца даты падзелу Рэчы Паспалітай.
«Уз'яднанне з Расіяй» — гэта гістарычны фэйк, створаны маскоўскімі гісторыкамі, каб апраўдаць захоп тэрыторый, якія дагэтуль ніколі ў складзе Расійскай Імперыі не былі.
Са смерцю Савецкага Саюза такая канцэпцыя адпала за непатрэбнасцю, і ў сённяшніх беларускіх падручніках няма расійскіх прапагандыскіх штампаў пра «ўз'яднанні».
Дык чаму тады ў 2017 годзе ў музеі незалежнай краіны вісяць такія карты?
Пра гэта мы запыталіся ў дырэктаркі Бягомльскага музея.
«Гэтая экспазіцыя рабілася яшчэ ў 1980-я гады. Мы і не перароблівалі нічога, толькі адну залу, іншыя не чапалі. Ужо колькі гадоў яна там вісіць… Дзякуй, будзем ведаць, паглядзім, што там можна прыбраць», — сказала нам дырэктарка.