3 чэрвеня пачала працу бэта-версія сацыяльнай сеткі Ukrainians, распрацаванай для ўкраінскай аўдыторыі. За некалькі сутак у ёй зарэгістраваліся дзясяткі тысяч чалавек, піша Tut.by.

Пакуль у сацыяльнай сетцы ёсць магчымасць толькі для рэгістрацыі. Мяркуючы па заблакаваных значках, у будучыні можна будзе адпраўляць паведамленні, дадаваць сяброў, праглядаць іх навіны і слухаць музыку.

«Поспех Ukrainians наўпрост залежыць ад вас і вашай актыўнасці, таму чакайце новыя функцыі пры дасягненні 100 000 зарэгістраваных карыстальнікаў», — тлумачаць стваральнікі сэрвісу. На момант напісання нататкі ў сацыяльнай сетцы было зарэгістравана больш за 30 тысяч чалавек.

Нагадаем, 16 мая прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ аб новых санкцыях супраць Расіі. Яны прадугледжваюць блакаванне расійскіх сацсетак і прыпыненне вяшчання расійскіх тэлеканалаў. Пад санкцыі трапіла расійская карпарацыя Mail.Ru Group і яе ўкраінскі філіял.

Украінскім правайдарам цяпер забаронена прадастаўляць паслугі па доступе да рэсурсаў сэрвісаў «Mail.ru», «Укантакце» і «Аднакласнікі». Таксама для жыхароў Украіны аказаўся заблакаваны доступ да ўсіх сэрвісаў «Яндэкса» — пошукавіка, агрэгатара навін, надвор'я, карт, раскладу і перакладчыка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0