У Ляхавіцкім раёне высвятляюць абставіны прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў 25-гадовай дзяўчыне, паведаміла БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова.

Жыхарка вёскі Вялікае Гарадзішча з пранікальным раненнем у вобласці брушнай паражніны была дастаўленая брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі ў прыёмнае аддзяленне бальніцы раніцай 4 чэрвеня. Са слоў 49-гадовага сужыцеля маці пацярпелай, які выклікаў медработнікаў, яна атрымала траўму падчас чысткі бульбы.

Следча-аператыўная група выявіла, што інцыдэнт адбыўся ўвечары 2 чэрвеня. Паводле папярэдніх даных, паміж гаспадыняй хаты і яе сужыцелем адбылася сварка, падчас якой мужчына стаў збіваць жанчыну. Дзяўчына заступілася за сваю маці, і мужчына нанёс ёй некалькі ўдараў кухонным нажом.

«Усе ўдзельнікі інцыдэнту пражываюць сумесна і ў той момант знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Са слоў маці, яны не сталі адразу выклікаць хуткую дапамогу, бо не хацелі, каб яе сужыцеля прыцягнулі да крымінальнай адказнасці», — дадала Марына Дранькова.

У дачыненні да мужчыны Ляхавіцкі РАСК распачаў крымінальную справу па ч. 1 арт. 147 КК (наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў). Падазраваны затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0