Wargaming, распрацоўшчык шматкарыстальніцкіх інтэрнэт-гульняў, самая папулярная з якіх World of Tanks, лічыць за лепшае заставацца ў цені і не раскрываць сваю фінансавую справаздачнасць, за выключэннем гадоў, калі кампанія мела лістынг на кіпрскай біржы. З тых часоў сітуацыя ў кампаніі прыкметна змянілася, як і склад удзельнікаў. У прыватнасці, як распавялі TUT.BY некалькі крыніц, сузаснавальнік Wargaming Іван Міхневіч, які ўзначальваў галоўны цэнтр распрацовак холдынгу ў Мінску, больш за два гады таму ўдала прадаў долю ў кампаніі і заняўся развіццём уласных праектаў.

38-гадовы Іван Міхневіч скончыў факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, з'яўляецца магістрам эканомікі і захапляецца матацыкламі. Фота: Facebook

38-гадовы Іван Міхневіч скончыў факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, з'яўляецца магістрам эканомікі і захапляецца матацыкламі. Фота: Facebook

Выйсці своечасова

Згодна з адзінай публічнай справаздачнасцю Wargaming, якая была раскрытая падчас лістынга на кіпрскай біржы, Івану Міхневічу (№ 10 у топ-200 самых уплывовых беларускіх бізнэсменаў па версіі «Ежедневніка») па дадзеных на красавік 2013 года належала 17% кампаніі. Такі ж пакет меў Мікалай Кацалапаў. Доля Віктара Кіслага складала 38,5%, яго бацькі Уладзіміра — 25,5%. Праз 2 гады акцыянерамі галоўнай кампаніі Wargaming LLP, зарэгістраванай у Англіі, былі Kloyster Systems, Lunarbell Management, Ockster Financial, Sandrix Business, вынікае з брытанскай справаздачнасці. Супастаўляючы два дакументы, можна зрабіць выснову, што долі афшора на Брытанскіх Віргінскіх выспах практычна супадаюць з долямі асноўных акцыянераў.

Згодна з гадавой справаздачай, у канцы 2014 года брытанская Wargaming.Net LLP выкупіла Sandrix Business за 152,5 млн даляраў. Sandrix належала 20% найбуйнейшага распрацоўшчыка анлайн-гульняў. Пасля закрыцця здзелкі доля іншых удзельнікаў (бацька і сын Кіслыя і Мікалай Кацалапаў) была павялічана прапарцыйна.

«Наколькі я магу меркаваць, Іван вельмі ўдала выйшаў. Выйшаў да крызісу, калі Wargaming быў на фінансавым піку», — сказаў TUT.BY знаёмы Міхневіча. Паводле яго слоў, спрыяў выхаду і геапалітычны канфлікт паміж Расіяй і Украінай 2014 года.

На старонцы Міхневіча ў Linkedln таксама паведамляецца аб спыненні яго дзейнасці ў Wargaming ў канцы 2014 года.

«Мае адносіны з Wargaming істотна адрозніваюцца ад ранейшых. Інфармацыя [аб продажы долі за 152 млн даляраў], якая агучвалася, у тым ліку і вамі, не адлюстроўвае рэчаіснасць пэўным чынам. Сапраўднае становішча рэчаў з'яўляецца канфідэнцыяльнай інфармацыяй. Змена маіх стасункаў з Wargaming абумоўлена перш за ўсё змяненнем персанальных узаемаадносін з партнёрамі, што таксама не падлягае публічнаму абмеркаванню. Перспектывы ў Wargaming, безумоўна, ёсць, хоць палітычныя падзеі 2014 года несумненна ўдарылі па эканоміцы як многіх дзяржаў, так і кампаній, у тым ліку і Wargaming. І такі ўплыў мне быў зразумелы загадзя і ў большай ступені, чым маім партнёрам», — напісаў TUT.BY Іван Міхневіч у адказ на запыт аб выхадзе з Wargaming.

У Wargaming не ўдалося атрымаць каментар адносна выхаду Міхневіча з ліку ўладальнікаў кампаніі.

Пасля танкаў 

З 2014 года бізнэсмен з'яўляецца саўладальнікам або партнёрам у шэрагу праектаў, частка з якіх не звязана наўпрост з IT. Кіпрская Synergy Horizon наладжвае ў Беларусі вытворчасць сарбентаў для ліквідацыі ўцечак нафтапрадуктаў. Швейцарская кампанія Alpein Software займаецца распрацоўкай сэрвісаў для бяспечных карпаратыўных кантактаў. Таксама Міхневіч з'яўляецца партнёрам у інвестыцыйным фондзе SCSS Fund Management.

«СінерджыКом» разгарнула дзейнасць у Беларусі ў 2011 годзе з арганізацыі глыбокай перапрацоўкі гідролізнага лігніну. У вёсцы Прыгарадная (Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць) была створана вытворчая пляцоўка побач з сыравіннымі запасамі. Да пачатку 2013 года была ўкаранёна першая рабочая тэхналогія, і на яе аснове запушчана доследна-прамысловая вытворчасць. У ходзе работы з дапамогай профільных навукова-даследчых інстытутаў і канструктарскіх бюро была распрацавана новая тэхналогія. Два гады заняў шлях ад пачатковых ідэй, лабараторных эксперыментаў і маштабных мадэляў да запуску першай паўнавартаснай вытворчай лініі. Фінансаванне было ажыццёўлена за кошт інвестыцыйнага капіталу з Кіпра.

У 2013 годзе для бізнэсу была абраная новая глабальная назва Synergy Horizon, для чаго на Кіпры была інкарпаравана галаўная кампанія Synergy Horizon Limited. Ключавымі рынкамі збыту з'яўляюцца найбліжэйшыя буйныя нафтаздабываючыя рэгіёны — Расійская Федэрацыя і краіны Блізкага Усходу, гаворыцца на сайце кампаніі.

Камерцыйны офіс «СінерджыКом» знаходзіцца ў Мінску на вул. Румянцава, 7. Па гэтым адрасе ў самым цэнтры горада (пл. Перамогі) размешчаны новы 10-кватэрны элітны дом.

У канцы 2016 года Іван Міхневіч абвясціў на сваёй старонцы ў Facebook аб запуску швейцарскай Alpein Software шэрагу новых сэрвісаў, сярод якіх менеджар пароляў бяспекі PassSecurium, віртуальны працоўны стол DeskSecurium і карпаратыўная платформа бяспечнай карпаратыўнай сувязі SwissSecurium. Па словах бізнэсмена, новыя сэрвісы зарэгістраваныя ў Швейцарыі і знаходзяцца ў былым ваенным бункеры «глыбока ў швейцарскіх Альпах». Над бункерам размяшчаецца ад 300 да 1000 метраў граніту, збудаванне здольна вытрымаць ударную хвалю і электрамагнітны імпульс ад атамнай бомбы магутнасцю ў 20 мегатон. Дата-цэнтр забяспечваецца гідраэлектрычнай энергіяй і астуджаецца з дапамогай размешчаных пад гарой водных рэзервуараў, схаваных у мільёнах тон граніту.

«Я сапраўды маю дачыненне да паказаных прыватных кампаній, аднак склад удзельнікаў, памеры інвестыцый і вынікі гаспадарчай дзейнасці з'яўляюцца канфідэнцыйнай інфармацыяй», — сказаў Міхневіч. Ён пацвердзіў, што «СінерджыКом» — гэта яго «адзіны бізнэс-актыў у Беларусі». «Праект вельмі складаны і амбіцыйны ў сілу стварэння прынцыпова новых і цалкам не віртуальных прадуктаў з унікальным фізіка-хімічным складам і тэхналогіяй вытворчасці. Рашэнні для будаўнічай і нафтагазавай галіны ў цяперашні час знаходзяцца ў стадыях сертыфікацыі і пачатку прымянення», — адзначыў ён.

Для Івана Міхневіча Беларусь «цяпер, і на найбліжэйшую, калі не сярэднетэрміновую, перспектыву» з'яўляецца «закрытай краінай па прычынах фактычнай недальнабачнай палітыкі, якая праводзіцца ў дачыненні да бізнэсу». «Мне балюча бачыць адмоўную селекцыю, што праводзіцца на маёй радзіме», — рэзюмаваў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?