Генадзь Караткевіч у спартыўным праграмаванні — як Усэйн Болт у бегу. Ён выйграў усе самыя вядомыя спаборніцтвы, пачынаючы ад каманднага чэмпіянату свету (двойчы) і заканчваючы індывідуальнымі турнірамі, якія арганізуюць Google, Facebook, Яндэкс, Mail.ru і іншыя кампаніі. Сёння Караткевіч з'яўляецца самым тытулаваным праграмістам свету і займае першае месца ў рэйтынгу наймацнейшых кодэраў па версіі Codeforces.

Гена — беларус, ён вырас і скончыў школу ў Гомелі, пасля чаго пераехаў у Санкт-Пецярбург і паступіў у знакаміты сваімі алімпіяднымі дасягненнямі ўніверсітэт ІТМО. Цяпер ён вучыцца на першым курсе магістратуры.

Мы прыводзім некалькі ўрыўкаў з інтэрв'ю з ім. Цалкам гутарку чытайце на сайце Rusbase.

Тут і ніжэй фота: Маша Парфіт

— Пагаворым пра хуткасць. Аб тваім уменні распраўляцца з задачамі ходзяць легенды. У цябе ёсць нейкая свая методыка?

— Хутчэй, гэта пэўныя падыходы і ідэі, якія можна ўжываць. З аднаго боку, гэта common sense. Гэта значыць, нейкага зводу методык, як падысці да рашэння той ці іншай задачы, не існуе. З іншага боку, усё вельмі індывідуальна. Напрыклад, ёсць складаная задача. Я ламаю галаву над яе рашэннем і не разумею, як да яе наогул падступіцца. І тады мне бывае карысна ўзяць які-небудзь прыватны, канкрэтны выпадак. Яны бываюць лёгкія, трывіяльныя, а бываюць складанейшыя. Я спрабую знайсці найбольш складаны для мяне прыватны выпадак, які яшчэ не ўмею рашаць. Рашэнне прыватнага дапамагае прыдумаць рашэнне для агульнага. Гэта толькі адзін з прыкладаў.

— Што наконт азарэнняў? Сядзіш-сядзіш, а потым — раз, вось жа яно!

— О так, такое бывае даволі часта. Часам трэба проста падысці да задачы з іншага боку. Памятаю, як у фінале чэмпіянату свету-2015 у Марока мы з хлопцамі біліся над адной з задач, якую даволі хутка рашылі іншыя каманды. Прайшло ўжо больш за дзве гадзіны, а мы ўсё яшчэ не ведалі, што рабіць. І ў нейкі момант нас азарыла. Часам прыходзіць выпадковае азарэнне, і ты разумееш, што патрабуецца. А часам трэба раскручваць задачу пакрокава — адну думку за іншай.

***

— Твае бацькі — праграмісты. Як думаеш, гэта адыграла важную ролю ў тваіх дасягненнях?

— Асабістай падрыхтоўкай я абавязаны тату. У дзяцінстве мы з ім шмат займаліся: разбіралі задачы, вучыліся праграмаваць разам, і гэта было вельмі класна. Тата тлумачыў мне праграмаванне так, каб я зразумеў. Пры гэтым мяне ніхто не прымушаў — ідзі і пазаймайся. Наадварот, бывала, казалі — ідзі і адпачні. Гэта значыць, мне самому рашаць задачы было цікава. Яшчэ ў нас у Гомелі быў гурток для школьнікаў-праграмістаў пад кіраўніцтвам Міхаіла Сямёнавіча Далінскага. Я трапіў у асяроддзе, дзе можна было з хлопцамі нешта паабмяркоўваць і патрэніравацца — каштоўная штука.

— Колькі разоў табе паціскаў руку Аляксандар Лукашэнка?

— Атрымліваецца, што шэсць. Кожны раз, калі я станавіўся прызёрам міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы, мяне запрашалі на сустрэчу з прэзідэнтам краіны — у ліку іншых хлопцаў, у якіх былі навуковыя і культурныя дасягненні. Сустрэчы праходзілі ў Палацы рэспублікі, заўсёды былі шыкоўныя банкеты, граў аркестр. Калі нас узнагароджвалі, мы падыходзілі да Аляксандра Рыгоравіча, ён ціснуў руку, уручаў букет і значок.

— Што ён казаў?

— «Дзякуй, Гена». Гэта ўсё, што ён паспяваў сказаць, бо нас было шмат.

***

— Самы вялікі прызавы чэк, які табе ўручылі пасля перамогі?

— На буйных спаборніцтвах прызавыя могуць дасягаць $15 тысяч. Напрыклад, на Google Code Jam.

***

— Табе прапаноўвалі працу ў вялікіх кампаніях накшталт Google?

— Так, некалькі разоў. Але тут ёсць тонкасці. Звычайна фіналістам спаборніцтваў не прапануюць працу наўпрост. Як правіла, іх спачатку клічуць на гутаркі. Калі ты добра выступіш на турніры, арганізаваным Google або Facebook, табе скажуць — прыходзьце да нас, пагутарым. І ўжо пасля сумоўя могуць сказаць, на якую пазіцыю запрашаюць і на якія грошы. Мяне так клікалі ў Google, але я не хадзіў.

— Чаму?

— Ведаю, што для тых, хто займаецца алімпіядамі і добры ў алгарытмах, няцяжка прайсці сумоўе. То бок, я разумею, што, хутчэй за ўсё, прайду сумоўе і атрымаю працу. Але праца мне пакуль не вельмі патрэбная.

— Ты б хацеў атрымаць расійскае грамадзянства?

— Толькі калі з-за яго не трэба будзе адмаўляцца ад беларускага пашпарта. У цэлым я не бачу прычын, навошта мне гэта трэба.

— Абвергні міф аб тым, што ўсе праграмісты — дзіўныя гікі.

— Ха-ха, але ж гэта збольшага праўда! На самай справе, усе людзі розныя, а сярод праграмістаў ёсць шмат цалкам адэкватных хлопцаў і дзяўчат, якія не толькі сядзяць перад камп'ютарам, але і цікавяцца іншымі рэчамі. Я, напрыклад, удзельнічаю ў спаборніцтвах па настольным тэнісе, сачу за вялікім тэнісам. З асабістым жыццём таксама ўсё ў парадку — у мяне ёсць дзяўчына. Я сябе гікам дакладна не лічу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?