Былы вучань 74-й гімназіі Данат Скакун прыгавораны да васьмі гадоў пазбаўлення волі за напад на настаўніцу рускай мовы. Здавалася б, злачынец знойдзены і прысуд агучаны. Але ў сацсетках не сціхаюць спрэчкі пра тое, ці вінаваты насамрэч Данат. Гучаць усё новыя і новыя пытанні, адказы на якія, на жаль, не далі ні следства, ні суд.

Данат Скакун ў зале Мінскага гарадскога суда перад абвяшчэннем прысуду

Данат Скакун ў зале Мінскага гарадскога суда перад абвяшчэннем прысуду

Год таму ў мінскай гімназіі №74 адбылася трагедыя. На настаўніка рускай мовы і літаратуры быў здзейснены напад. У крымінальных зводках з'явілася інфармацыя, што вучань спрабаваў зарэзаць педагога за тое, што тая паставіла яму нізкую адзнаку. Пацярпелую, як заявілі праваахоўнікі, павезлі ў рэанімацыю. А хлопца затрымалі проста ў гімназіі.

З першага дня справа была закрытая для грамадскасці. Ва ўсіх удзельнікаў суда ўзялі падпіску пра неразгалошванне. Але пасьля абвяшчэньня прысуду інфармацыя ўсё ж такі прасачылася ў сацсеткі.

1. Што адбылося ў гімназіі па версіі настаўнікаў?

23 мая быў звычайны школьны дзень. Заканчваўся навучальны год, таму дзеці, якія хацелі выправіць ацэнкі, павінны былі «падцягнуць хвасты». У 9 «Б» класе, дзе вучыўся Данат, першым урокам была руская мова, але паколькі частка класа напярэдадні ездзіла на экскурсію ў Расію, дзецям дазволілі прыйсці да другога ўрока — на фізкультуру.

Настаўнік Валянціна Губарэвіч прыйшла ў гімназію да васьмі раніцы. У кабінет да яе спачатку зайшла калега па працы, потым вучань Данат Скакун. У яго былі запазычанасці па вершах.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Валянціна Губарэвіч у судзе

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Валянціна Губарэвіч у судзе

Юнак зайшоў у клас, паставіў партфель і, як думала педагог, пачаў даставаць з сумкі падручнік. Аднак Валянціна Уладзіміраўна рэзка адчула боль у вобласці шыі. Гімназіст напаў на яе з нажом. Прычым напад праходзіў у два этапы. Пасля некалькіх удараў Данат выйшаў з класа, нож заставаўся на стале. Потым ён вярнуўся ў кабінет і яшчэ некалькі разоў ударыў пацярпелую, пасля чаго паклаў нож у заплечнік і пайшоў.

Першай, каму патэлефанавала пацярпелая, была яе дачка. Тэлефанавала Валянціна Уладзіміраўна ёй двойчы. Хуткую выклікала дачка, яна ж паведаміла пра здарэнне калегам маці. У клас прыбеглі дырэктар і завуч. Следам прыехала хуткая і міліцыя. Настаўніца паспела некалькі разоў паўтарыць, што на яе напаў вучань гімназіі Данат Скакун. Пасля гэтага жанчыну забралі ў бальніцу.

Важны момант: непасрэдных відавочцаў таго, што адбылося паміж настаўнікам і гімназістам, не было.

2. Што адбылося ў гімназіі па версіі вучня?

Даната, як звычайна, прывезла на ўрокі мама. Ён забыўся, што першы ўрок адмянілі, таму прыехаў да восьмай раніцы. На месцы вырашыў высветліць, ці прыйшла на працу Губарэвіч, каб здаць ёй вершы на памяць, па якіх у яго была запазычанасць.

Ён убачыў, што ў Валянціны Уладзіміраўны ў кабінеце іншы настаўнік, і вырашыў зайсці пазней. Аднак калі ён паспрабаваў гэта зрабіць, выкладчык сказала яму, што занятая і каб ён прыйшоў адказваць у іншы час.

Данат пайшоў у класны кабінет, сустрэў па дарозе настаўніка французскай мовы, пагаварыў з ёй. Выкладчык сказала, што на другім паверсе сядзіць і сумуе яго аднакласнік.

Данат спусціўся да яго, яны разам пайшлі прагуляцца вакол школы. На стадыёне хлопец параніў руку — зачапіўся за агароджу, калі жадаў прайсці. Гэта бачыў яго сябар.

Вярнуўшыся ў школу, хлопцы ўбачылі, што на трэцім паверсе ў кабінет Губарэвіч заходзіць міліцыя. Побач стаялі іншыя выкладчыкі. Сябры спыталі, што здарылася, але ніхто нічога не ведаў.

Хлопцы пайшлі ў гардэроб. Там Скакуну патэлефанаваў бацька — яму па тэлефоне паведамілі, што Данат напаў на кагосьці ў гімназіі. У дзевяць раніцы хлопца затрымалі разам з аднакласнікам, з якім ён шпацыраваў па стадыёне. Прыяцеля адпусцілі ў той жа вечар, а Данат дадому так і не вярнуўся.

3. Хацеў забіць за двойку па літаратуры?

Па афіцыйных дадзеных, матывам злачынства была помста за неаб'ектыўную ацэнку. Гаворка ідзе пра некалькі двоек, якія хлопец атрымаў за тое, што не змог здаць верш на памяць. Адносіны з настаўнікам сапраўды былі нацягнутыя, Губарэвіч выклікала ў школу маму вучня.

Данат Скакун ня быў двоечнікам або выдатнікам, вучыўся вышэй за сярэдняе. Па прадметах у Губарэвіча стаялі ў асноўным сямёркі і васьмёркі. Да ацэнак хлопец ставіўся даволі спакойна і калі атрымліваў нізкія балы, то трагедыі з гэтага не рабіў. Ён не планаваў паступаць пасля 9-га класа, таму наўрад ці яго моцна цікавіў сярэдні бал у атэстаце. Дакладныя навукі яму былі цікавейшыя, чым гуманітарныя.

Праблем з вершамі па беларускай літаратуры ў яго, дарэчы, не было. Як і з замежнай мовай, дзе таксама часта трэба вучыць «тэмы».

Тыя, хто ведае Даната і бачыў яго ў той дзень, не могуць паверыць, што ён мог здзейсніць гэтае злачынства. Спакойны, спагадлівы, ураўнаважаны і нават марудлівы — так характарызуюць падлетка яго знаёмыя.

Паводзіў сябе звычайна, не хваляваўся і нічым не прыцягваў увагу — кажуць пра яго стан 23 мая тыя, хто бачыў хлопца ў гімназіі падчас першага ўрока, калі адбыўся напад на настаўніка.

Стан падлетка змяніўся, толькі калі яму патэлефанаваў бацька і сказаў, што яго падазраюць у здзяйсненні злачынства. Пачуўшы гэта, Данат вылупіў вочы ад здзіўлення.

4. Дзе нож, якім спрабавалі забіць настаўніка?

25 мая, гэта значыць праз два дні пасля трагедыі, міністр унутраных спраў заявіў, што праваахоўнікі знайшлі прыладу злачынства.

«Нож знойдзены, — сказаў Ігар Шуневіч. — Ручка, лязо завостраныя… Нож з гэтага складаецца. Нож быў у дзіцяці».

Але на самай справе нож, якім спрабавалі забіць Валянціну Губарэвіч, знойдзены не быў.

У выніковай частцы прысуду, якую суддзя зачытала пры журналістах, сказана, што трэба знішчыць лязо нажа, выяўленае і адабранае 24 мая (на наступны дзень пасля замаху. — Рэд.) Пры правядзенні агляду па вуліцы Артылерыстаў, 8.

Гімназія знаходзіцца па адрасе Артылерыстаў, 15, гэта значыць, на супрацьлеглым баку вуліцы. Лязо нажа знайшлі ля офіснага будынка, дзе дзейнічае прапускны рэжым.

Аднак нічога супольнага з нажом, якім спрабавалі забіць настаўніка, гэтая знаходка не мае. Сама ахвяра апісала прыладу па-іншаму.

Выходзіць, што ключавых доказаў у справе няма, хоць і гімназію, і ваколіцы старанна даследавалі праваахоўнікі, з прыцягненнем службовых сабак.

Таварыш, які да ўрокаў гуляў з Данатам па стадыёне, заявіў, што не бачыў, каб той хаваў або выкідваў нож падчас прагулкі. Хлопцы з моманту сустрэчы не расставаліся.

5. Чаму ніхто не заўважыў на вопратцы Даната кроў?

Адразу некалькі чалавек бачылі Даната ў гімназіі раніцай 23 мая. Аднак ніхто не заўважыў, каб хлопец паводзіў сябе падазрона і каб на вопратцы ў яго былі сляды крыві пасля таго, як ён, па дадзеных следства, спрабаваў забіць настаўніка.

Рэчы школьніка старанна вывучалі спецыялісты. Пры гэтым туфлі паступілі на экспертызу ў адкрытым пакеце. Пры аглядзе заплечніка, куды, па словах настаўніка, Данат кінуў акрываўлены нож, крыві не знайшлі. Аднак у судзе высветлілася, што пратаколаў агляду заплечніка ў справе наогул няма, таму гэты прадмет у якасці доказу не разглядалі.

Сведкі не бачылі на вопратцы Даната кроў, але, паводле высноваў экспертаў, на пінжаку, штанах, кашулі і туфлях хлопца былі сляды крыві, якія маглі з'явіцца ад Губарэвіч.

Абарона Скакуна спрабавала данесці, што кроў на вопратцы хлопца з'явілася пасля таго, як яго рэчы запакоўвалі супрацоўнікі міліцыі, якія да гэтага дапамагалі перамяшчаць Губарэвіч, гэта значыць, мелі кантакт з яе целам, дзе была кроў. Але гэты аргумент быў прызнаны надуманым.

6. Навошта 15-гадовага хлопца прымусілі напісаць яўку з павіннай?

Даната затрымалі праз паўгадзіны пасля таго, як быў здзейснены замах на настаўніка. Яго бацькі адразу ж прыехалі ў гімназію, бацька разам з сынам паехаў у міліцыю.

У РУУС бацьку сказалі, каб ён паехаў на экспертызу, а калі ён вярнуўся, да дзіцяці яго ўжо не пусцілі. Не пускалі да падлетка і адваката, якая амаль сем гадзін правяла ў пастарунку.

Першы допыт быў прызначаны на восем вечара таго ж дня, але адвакат параіла ад яго адмовіцца, так як Данат выглядаў змучаным і знясіленым.

На наступны дзень родныя даведаліся, што ноччу школьнік напісаў яўку з павіннай. Па словах хлопца, ён пісаў тое, што яму дыктаваў следчы. Родным сказалі, што цяпер Данат павінен паўтарыць усё гэта на камеру.

Данату на момант допыту было 15 гадоў. Яго не мелі права дапытваць ноччу ды яшчэ без удзелу адваката, аднаго з бацькоў, педагога або псіхолага. Следчаму пра гэта было добра вядома, але гэта яго не спыніла. У судзе ён заявіў, што школьнік добраахвотна напісаў чыстасардэчнае прызнанне. Дарэчы, у суд следчага таксама не мелі права выклікаць, бо ён па законе не можа быць сведкам.

Пасля такіх метадаў следства Данат вырашыў адмовіцца ад дачы паказанняў. Аднак вядома, што малады чалавек прайшоў паліграф.

«У справе ёсць даведка, што, паводле вынікаў даследавання на паліграфе, інфармацыі, якая мае значэнне па гэтай крымінальнай справе, атрымана не было», — распавяла «Еўрарадыё» маці Даната.

Пацярпелая настаўніца адмовілася прайсці паліграф. Адзначым, што праходзіць дэтэктар хлусні — гэта права, а не абавязак ўдзельніка працэсу.

7. Чаму не быў праведзены следчы эксперымент?

Даната Скакуна абвінавачвалі ў тым, што ён здзейсніў замах на Валянціну Губарэвіч у перыяд з 08:00 да 08:40. Аднак па відэакамерах, якія ўсталяваны ў гімназіі, відаць, што ў 08:30 ён ужо выйшаў на вуліцу з сябрам.

У судзе перыяд здзяйснення злачынства скарацілі — з 08:13 да 08:30 хвілін. Але і тут ёсць разыходжанні.

У 08:30 Данат разам з прыяцелем ужо выйшаў са школы. Па словах сябра, Скакун падышоў да яго прыкладна ў 08:20. Губарэвіч патэлефанавала дачцэ ў 08:24 першы раз і ў 08:30 другі раз, каб паведаміць пра напад.

Кабінет рускай мовы знаходзіцца на трэцім паверсе. Скакуну патрэбен быў час, каб сустрэцца з сябрам на другім паверсе, пагаварыць з ім, пахадзіць па школе і толькі пасля гэтага спусціцца разам на першы паверх і выйсці на вуліцу.

Шмат у каго таксама выклікала пытанні, чаму настаўніца не набрала адразу 103 і чаму не аказвала супраціву нападніку — крыкаў і шуму ад барацьбы ніхто са сведак не чуў. Даната знаёмыя апісваюць як марудлівага і спакойнага чалавека, Валянціну Уладзіміраўну — як баявую і ўпэўненую жанчыну.

Магчыма, некаторыя супярэчнасці былі б знятыя, калі б быў праведзены следчы эксперымент. Для злачынстваў, звязаных з замахам на жыццё чалавека, гэта звычайная практыка.

Маці Даната заяўляла, што такое хадайніцтва было, але следчы яго адхіліў. У матэрыялах справы не было нават плана гімназіі.

8. Якая наогул была абстаноўка на ўроках Губарэвіч і што пра яе думалі ў гімназіі?

Валянціна Губарэвіч — дасведчаны педагог, ёй 58 гадоў. Усе, хто ведае яе, у адзін голас кажуць, што яна настаўнік патрабавальны. Кваліфікацыя Губарэвіч пытанняў не выклікала, яе вучні перамагалі на алімпіядах. Але вось метады, якія яна выкарыстоўвала на ўроках, ацэньваюцца неадназначна.

Па-першае, яна рэгулярна павышала голас на дзяцей. На ўроку магла заявіць: «Я не буду працаваць з нематываванымі дзецьмі!» ці «Паміж мной і табой (вучнем. — Рэд.) дырэктар абярэ мяне!». Некаторыя дзеці проста баяліся ісці да яе на ўрокі, паколькі яна была чалавекам настрою — магла накрычаць, паставіць несправядлівую ацэнку.

Па-другое, яна практыкавала рассаджванне дзяцей «па ведах». То бок у яе на занятках дзеці сядзелі не так, як звычайна. Валянціна Уладзіміраўна тлумачыла гэта тым, што матываваных вучняў трэба было групаваць у адным месцы, каб яна магла даваць ім заданні больш высокага ўзроўню. Дзеці ж для сябе рабілі высновы, хто «разумны», а хто «дурны».

Зрэшты, часцей за ўсё канфлікты ўзнікалі з хлопцамі, якія хацелі высокія ацэнкі, але не хацелі шмат працаваць. Ацэнкі ў гэтым выпадку больш былі патрэбныя іх бацькам.

Быў яшчэ адзін эпізод. Губарэвіч адпускала дзяцей з урокаў, каб яны адвезлі грошы, сабраныя за экскурсію, у турфірму, дзе працавала яе дачка. Гэта значыць, два школьнікі праз увесь горад везлі на грамадскім транспарце больш за тысячу у.а. І кіраўніцтва было ў курсе гэтай схемы.

Па словах бацькоў, чые дзеці вучыліся ў 74-й гімназіі, яны неаднаразова скардзіліся на настаўніка рускай мовы і класнаму кіраўніку, і дырэктару. Але адміністрацыя спрабавала згладзіць вуглы, настаўніка не замянялі.

«На працягу ўсяго разбору я і мой адвакат прасілі суд аб літасці і ласцы да маладога чалавека», — сказала Валянціна Губарэвіч пасля абвяшчэння прысуду.

Падлетку сапраўды прызначылі мінімальна магчымае па яго артыкуле пакаранне — восем гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі. Але пацярпелая, па словах маці Даната, прасіла даць яму 11 гадоў.

Паводле яе слоў, ні Данат, ні яго бацькі не папрасілі ў яе прабачэння. Разам з тым, сям'я гімназіста заплаціла настаўніцы 23 тысячы даляраў у якасці кампенсацыі яшчэ да заканчэння суда.

9. Чаму справу Даната разглядалі ў закрытым рэжыме?

Па законе разбіральніцтва ў закрытым судовым пасяджэнні дапускаецца па справах аб злачынствах, учыненых асобамі, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту. Данату на пачатак працэсу было 15 гадоў.

Бацькі і сам абвінавачаны не настойвалі на закрытым рэжыме і спадзяваліся, што суд пройдзе ў адкрытым рэжыме.

10. Калі Данат не вінаваты, то хто напаў на настаўніка?

Валянціна Губарэвіч з першых хвілін, як ёй пачалі аказваць дапамогу, называла толькі адно прозвішча — Скакун. І гэтая была адзіная версія, па якой працавала следства.

Хоць у групах падтрымкі Даната гучаць і іншыя варыянты: і тое, што напасці на яе мог другі вучань, і тое, што нападнік мог быць наогул не з ліку гімназістаў, і нават тое, што настаўнік магла сама сябе параніць.

Складана паверыць, што нехта насмеліўся сфальсіфікаваць справу супраць 15-гадовага падлетка. Але калі чалавеку выстаўляюць такія сур'ёзныя абвінавачванні, а ч. 2 арт. 139 называюць «расстрэльным артыкулам», доказы павінны быць бясспрэчныя. У выпадку са справай гімназіста многія пытанні, на жаль, так і засталіся без адказу.

Справу Даната Скакуна яшчэ будзе разглядаць Вярхоўны суд, куды паступіла скарга на прысуд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?