Аляксандар Казулін зь цешчай і дачкой Юліяй, на пахаваньня цясьця.

Аляксандар Казулін зь цешчай і дачкой Юліяй, на пахаваньня цясьця.

Сёньня з калёніі Віцьба-3 на свабоду выйшаў Аляксандар Казулін.

Ён адбываў 5,5-гадовы тэрмін турэмнага зьняволеньня, нібыта за хуліганства, пасьля таго як кінуў выклік Аляксандру Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах.

Як стала вядома, яго памілавалі спэцыяльным указам А. Лукашэнкі, які быў падпісаны ў пятніцу.

Як паведаміў брат Казуліна Ўладзімер, у пятніцу ж памёр Казулінаў цесьць. У суботу ўранку Казуліна выклікалі ў адміністрацыю калёніі, дзе яму пра гэта паведамілі і паказалі падпісаны А.Лукашэнкам указ аб памілаваньні. Але Казулін згоды на памілаваньне не падпісаў. Памілаваньня ён прызнаваць не зьбіраецца, бо тым самым мусіў бы прызнаць і сваю віну. Тады яго адпусьцілі проста так, бяз подпісу - на пахаваньне цясьця, Ня выключана, што пасьля пахаваньня будзе прасіцца назад у калёнію, адзначыў У. Казулін.

Родныя А. Казуліна спадзяюцца на тое, што справа скончыцца ў любым разе канчатковым вызваленьнем. Спадзевы на яго былі зьвязаныя з кулюарнымі перамовамі між паслом Нямеччыны і Адміністрацыяй Лукашэнкі, што працягваліся на мінулым тыдні. Ходзяць чуткі, што ў сваім гандлі з Захадам лукашэнкаўцы былі гатовыя вызваліць групу палітвязьняў узамен на нейкія выгады.

Вызваленьне палітвязьняў, у тым ліку Казуліна, - гэта адно з асноўных патрабаваньняў Аб'яднаных дэмакратычных сілаў, Эўрасаюзу і ЗША. У часе мінулага вызваленьня палітвязьняў, узімку, адпусьцілі ўсіх, акрамя Казуліна.

На пытаньне, чаму, на думку сям'і вызваленьне палітвязьня нумар адзін адбылося менавіта цяпер, Уладзімер Казулін адказаў: «Хаджэньні паслоў у Адміністрацыю прэзыдэнта пачаліся досыць даўно...»

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур вітаў вызваленьне Казуліна як «першы важны крок з боку беларускіх уладаў».

Пасол Нямеччыны быў сёньня недасяжны для камэнтароў. Звыклае маўчаньне захавала і прэсавая служба А. Лукашэнкі.

Цясьця Казуліна звалі Іван Сабалеўскі. Хаваць яго будуць у Койданаве (Дзяржынску). Ён не перанёс страты дачкі... Хавалі яго ў нядзелю ўранку.

У суботу сталі вядомымі камэнтары юрыстаў: для вырашэння пытаньня аб памілаваньні прызнаньне зьняволеным сваёй віны не зьяўляецца абавязковай умовай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?